Ватыканскае выдавецтва на Турынскай кніжнай выставе
Марыя Валодзіна - Pope
Як паведаміў галоўны рэдактар LEV Ларэнца Фацыні, на выставе будуць прадстаўлены кнігі, якія адлюстроўваюць тэмы, блізкія Францішку. Сярод іх аўтабіяграфічная кніга амерыканкі Дораці Дэй Я знайшла Бога дзякуючы Яго бедным (Ho trovato Dio attraverso i suoi poveri) з прадмовай Папы, а таксама раман французскага пісьменніка Эрыка-Эмануэля Шміта Евангелле паводле Пілата (Il Vangelo secondo Pilato), у якім перад чытачом паўстае постаць Езуса, прадстаўленая вачыма рымскага пракуратара, які пакараў Яго смерцю.
Яшчэ адна кніга Пытанні Бога, пытанні да Бога (Domande di Dio, domande a Dio), прадмову да якой напісаў Францішак, нагадае наведвальнікам кніжнага кірмашу пра невычэрпны скарб Бібліі. Яе аўтары – дамініканцы Цімаці Рэдкліф і Лукаш Папко – каментуюць пытанні, якія сустракаюцца на старонках Святога Пісання. Аўтарству Цімаці Рэдкліфа таксама належыць і новая кніга Слухайце яго! (Ascoltatelo!) – зборнік прамоў прапаведніка падчас Сінода Біскупаў па сінадальнасці, які прайшоў у Ватыкане ў кастрычніку 2023 года.
Нарэшце, ватыканскае выдавецтва таксама прадставіць кнігу-расследаванне Лязо і крыж (La lama e la croce) італьянскага журналіста Франчэска Каміна. Яна знаёміць чытачоў з гісторыямі католікаў, якія кінулі выклік Гітлеру і нацызму.