ҽ

Біскупскія пасвячэнні ў Кітаі пасля падпісання двухбаковай дамовы Біскупскія пасвячэнні ў Кітаі пасля падпісання двухбаковай дамовы 

Святы Пасад гатовы аднавіць дамову з КНР

Святы Пасад мае намер гэтай восенню аднавіць пагадненне з Кітаем па прызначэнні біскупаў, - заявіў кардынал П’етра Паралін, адказваючы на пытанне LifeSiteNews.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

“Мы вядзём дыялог на гэтую тэму з нашымі кітайскімі суразмоўцамі”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Можна чакаць, што гэта адбудзецца ў трэці раз у верасні-кастрычніку 2024 года.

Змест Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, падпісанага 22 верасня 2018 года ў Пекіне, застаецца канфідэнцыяльным, але вядома, што, хоць кітайскія ўлады ўдзельнічаюць у працэсе вылучэння кандыдатаў на біскупаў, канчатковае рашэнне аб прызначэнні прымае Пантыфік.

Вынікам дамовы стала прызнанне Францішкам іерархаў, раней вылучаных уладамі без згоды Папы. Дзякуючы гэтаму, упершыню за 60 гадоў увесь кітайскі епіскапат знаходзіцца ў лучнасці з Апостальскай Сталіцай. У той жа час, кітайскія ўлады прызналі пяць біскупаў, прызначаных Пантыфікам без кансультацыі з імі, а ў жніўні 2020 года адбылося пасвячэнне двух першых іерархаў, вылучэнне і прызначэнне якіх прайшло згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі.

У ліпені 2023 года кардынал Паралін выступіў у абарону сакрэтнага характару пагаднення, заявіўшы, што “тэкст з'яўляецца канфідэнцыяльным, паколькі ён яшчэ не зацверджаны канчаткова”. Дзяржсакратар падкрэсліў, што дакумент прадугледжвае прынцып кансэнсусных рашэнняў адносна біскупаў, і быў падпісаны дзякуючы даверу да мудрасці і добрай волі кожнага. Ён лічыць дамову неабходным сродкам дыялогу з камуністычнымі ўладамі Кітая.

У лісце да кітайскіх католікаў у 2018 годзе, прымеркаваным да падпісання пагаднення, Папа Францішак назваў яго адкрыццём “новай старонкі для Каталіцкага Касцёла ў Кітаі”.
 

24 красавіка 2024, 10:05