Паралін: пазбягаць эскалацыі канфліктаў на Блізкім Усходзе
Марыя Валодзіна - Pope
Нягледзячы на вялікую заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе, кардынал Паралін з палёгкай успрыняў тое, што, прынамсі пакуль, пасля ўзаемных атак Ірана і Ізраіля, канфлікт не абвастрыўся, як таго асцерагаліся многія.
"Я бачу, што ўсе працуюць над тым, каб гэтага не адбылося", - сказаў Дзяржсакратар, адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах Папскага Урбаніянскага ўніверсітэта, дзе прайшла канферэнцыя Асацыяцыі адміністратараў касцёльных інстытутаў. "Абодва бакі імкнуцца не правакаваць, каб не пагоршыць канфлікт", - заўважыў ён.
“Я лічу, што варта пазбягаць усяго, што можа прывесці да эскалацыі, і перш за ўсё, усяго, што можа прывесці да выхаду сітуацыі з-пад кантролю. Гэта адбываецца, калі ў бакоў няма імкнення змякчыць свае пазіцыі", - адзначыў кардынал Паралін, спасылаючыся на пазіцыю ЗША, якія пацвердзілі сваю падтрымку Тэль-Авіва, але не падтрымліваюць контратаку на Іран.
Сутыкненні ў Рымскім універсітэце Ла Сапіенца
Адказваючы на пытанне аб сутыкненнях у Рымскім універсітэце Ла Сапіенца, студэнты якога патрабуюць спыніць акадэмічнае супрацоўніцтва з ізраільскімі навучальнымі ўстановамі, Дзяржсакратар сказаў: "Асабіста мне цяжка зразумець гэты спосаб рэагавання. Вядома, кожны мае права выказваць сваё меркаванне, але я думаю, што гэта заўсёды павінна рабіцца ў форме дыялогу, з улікам матываў і пазіцый кожнага. Вядома, гвалт не можа быць апраўданы ні пры якіх абставінах. Я лічу, што па гэтым пытанні можна спрачацца, але гэта павінна быць мірная спрэчка, разумная спрэчка".
Аборты
Падчас дыялогу з журналістамі ўздымалася і тэма абортаў, у прыватнасці, у сувязі з прапановай уключыць Камітэты па абароне жыцця ў склад жаночых кансультацый, якая выклікала ў Італіі дэбаты.
"Мы выступаем за жыццё і за ўсе тыя інструменты, якія могуць пацвердзіць права на жыццё, асабліва для жанчын, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі", - сказаў кардынал Паралін.