Папа і кардыналы пра ролю жанчын, Сінод і сітуацыю ў свеце
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Працы праходзілі ў ватыканскім Доме святой Марты. У іх прымаў удзел Францішак.
15 красавіка 2024 года ўдзельнікі працягнулі разважанне аб ролі жанчын у Касцёле. Падчас гэтай часткі сустрэчы выступілі сястра Хэджына да Коста Пэдру з Кангрэгацыі Місіянерак Беззаганнага Зачацця, якая прадставіла канкрэтныя гісторыі і думкі некаторых бразільскіх жанчын, а таксама прафесар Стэла Мора, выкладчыца тэалагічнага факультэта Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, якая прааналізавала ролю культур у прызнанні ролі жанчыны ў розных частках свету.
16 красавіка кардынал Марыё Грэк і біскуп П’ера Кодзі прапанавалі справаздачу аб бягучым Сінодзе, затым прагучалі разважанні аб рэалізацыі апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium у дыяцэзіяльных курыях і даклады кожнага кардынала аб сацыяльнай, палітычнай і эклезіяльнай сітуацыі ў рэгіёнах свету, якія яны прадстаўляюць.
Падчас сесіі гучалі спасылкі, а ў некаторых выпадках і малітва, якія тычыліся войнаў і канфліктаў у многіх месцах па ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Кардыналы, а разам з імі і Папа, выказалі заклапочанасць тым, што адбываецца, і надзею на актывізацыю намаганняў па пошуку шляхоў да перамоў і міру.
Наступнае пасяджэнне Рады адбудзецца ў чэрвені 2024 года, - гаворыцца ў заяве Залы Друку Святога Пасада.
У склад Рады кардыналаў пасля яе абнаўлення Папам 7 сакавіка 2023 года ўваходзяць кардыналы: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША; Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі. Сакратаром Рады з'яўляецца італьянскі біскуп Марка Мэліна.
Рада была заснавана Францішкам 28 верасня 2013 года з задачай падтрымліваць яго ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і рыхтаваць праект рэформы Рымскай курыі, які быў рэалізаваны з апублікаваннем 19 сакавіка 2022 года новай апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium. Першае пасяджэнне групы прайшло 1 кастрычніка 2013 года.