ҽ

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Прэзідэнт Панамы Лаўрэнціна Карціса Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Прэзідэнт Панамы Лаўрэнціна Карціса 

Галахер: Касцёл змагаецца з матэрыяльнай і духоўнай беднасцю

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі здзейсніў афіцыйны візіт у Панаму. Ён праходзіў з 1 па 5 красавіка 2024 года з нагоды 100-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай краінай.

Аляксандр Панчанка - Pope

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэўся з дзяржаўнымі і касцёльнымі ўладамі, наведаў дабрачынныя і адукацыйныя структуры Касцёла ў Панаме, каталіцкі цэнтр прыёма мігрантаў, а на завяршэнне візіту ўзначаліў урачыстую святую Імшу ў сталічнай катэдры.

У гаміліі іерарх нагадаў панамскім вернікам заклік святога Яна Паўла ІІ, скіраваны на самым пачатку яго пантыфікату: “Не бойцеся, расчыніце дзверы Хрысту!”. Ён заахвоціў працаваць на карысць міру, а таксама мужна і разважліва распачынаць працэсы, якія прывядуць да аздараўлення сітуацыя і адзінства ў Панаме.

Папскі дыпламат з удзячнасцю выказаўся пра “нястомную працу, якую ўдалечыні ад святла сафітаў вядуць многія паслы і нунцыі”, спрыяючы ўмацаванню “ўзаемнага сяброўства і плённага супрацоўніцтва”. Ён таксама адзначыў, што дзеянні, якія ажыццяўляюцца Касцёлам згодна з яго місіяй, не варта блытаць з ініцыятывамі панамскіх дзяржаўных уладаў. “Касцёл не атаясамлівае сябе з якой-кольвечы палітычнай праграмай”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што місія Касцёла мае “рэлігійны і духоўны характар у клопаце пра абарону чалавечай годнасці, асноўных правоў і будавання міру”.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі нагадаў пра асноўныя напрамкі сацыяльнай дзейнасці Касцёла, акрэсленыя на пачатку пантыфікату Папы Францішка. Па яго словах, гэта “барацьба з матэрыяльнай і духоўнай беднасцю, няспынная праца ў імя міру і будаванне мастоў праз дыялог”.
 

07 красавіка 2024, 12:04