ҽ

Члены Папскай швейцарскай гвардыі на плошчы святога Пятра Члены Папскай швейцарскай гвардыі на плошчы святога Пятра  (ANSA)

34 швейцарскія гвардзейцы складуць прысягу на вернасць Папу

6 мая 2024 года ў Ватыкане пройдзе традыцыйная штогадовая цырымонія прысягі новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі. Сёлета яе складуць 34 гвардзейцы.

Аляксандр Панчанка - Pope

Рэкруты ўрачыста прысягнуць бараніць Папу і ўсіх яго законных наступнікаў, не шкадуючы сіл, а калі будзе неабходна – нават коштам уласнага жыцця. Яны паабяцаюць павагу, вернасць і паслухмянасць сваім камандзірам, і папросяць дапамогі ў Бога і святых. 16 навабранцаў прачытаюць тэкст прысягі па-нямецку, 16 – па-французску, 2 – па-італьянску і 2 па-рэтараманску, згодна са сваім паходжаннем.

Цырымонія пройдзе ўвечары ў Панадворку святога Дамаса ватыканскага Апостальскага палаца. Ёй будзе папярэднічаць святая Імша ў базіліцы святога Пятра, якую раніцай узначаліць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.

Днём раней, 5 мая, члены вайсковага корпуса збяруцца на малітву Нешпараў у ватыканскім касцёле Санта-Марыя-Дэла-П’ета на Кампа-Санта-Тэўтоніка. Затым, на плошчы Рымскіх пратамучанікаў, адбудзецца ўскладанне вянка ў памяць пра 189 гвардзейцаў, загінулых 6 мая 1527 года пры абароне Папы Клімента VII ад войскаў імператара Карла V, і ўручэнне ўзнагарод. Ад імя Францішка цырымонію ўзначаліць Субстытут па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыяту, арцыбіскуп Эдгар Пэн’я Пара.

З нагоды прысягі рэкрутаў Папскай гвардыі ў Ватыкан прыбудзе афіцыйная дэлегацыя Швейцарскай канфедэрацыі, пад кіраўніцтвам Віцэ-прэзідэнта Віолы Амерд. У яе склад будуць уваходзіць высокапастаўленыя прадстаўнікі швейцарскага ўраду, арміі, мясцовых уладаў і епіскапату.
 

18 красавіка 2024, 11:33