На Сусветным дні дзяцей у Рыме чакаецца 100 тысяч удзельнікаў
Аляксандр Панчанка - Pope
На цяперашні момант пра сваё жаданне паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах заявілі каля 57 тысяч чалавек, - паведаміў айцец Энца Фартуната, каардынатар форума, падчас яго прэзентацыі, якая адбылася 2 сакавіка 2024 года ў прэс-цэнтры рымскага Алімпійскага стадыёна. Менавіта тут размесціцца сядзіба І Сусветнага дня дзяцей.
Устанаўленне гэтага свята францішканін назваў прароцкім учынкам Святога Айца, што пацвярджаюць шматлікія сведчанні людзей з розных куткоў планеты, якія неадкладна адгукнуліся на ініцыятыву і выказалі гатоўнасць прыняць у ёй удзел. Святар згадаў пра прыклад валанцёркі, якая на працягу 54 гадоў служыць ва Угандзе, і выказала радасць ад таго, што зможа прывесці ў Рым чатырох васьмігадовых дзяцей з гэтай краіны.
Такіх прыкладаў шмат: на цяперашні час вядома, што на святкаванне прыбудуць дзеці з па меншай меры шасцідзесяці краін свету, але гэта лічба павінна вырасці, - заўважыла Стэла Чэрвоньі, адказная за міжнародныя адносіны ў аргкамітэце форума. Яна расказала, што сярод удзельнікаў форума будуць прадстаўнікі краін і рэгіёнаў, ахопленых войнамі і канфліктамі: Украіны, Святой Зямлі, Афганістана, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Эфіопіі, Эрытрэі, Сірыі, а таксама дэлегацыя з поўначы Мазамбіка, спакутаванага ад нападаў джыхадзістаў.
Форум будзе насіць адкрыты характар, у ім змогуць удзельнічаць не толькі хрысціянскія дзеці, але таксама маленькія вызнаўцы іншых рэлігій, - паведаміў Марка Імпальяца, старшыня Супольнасці святога Эгідзія, якая дапамагае ватыканскай Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі ў арганізацыі святкавання. У прэзентацыі падзеі браў удзел легендарны італьянскі футбаліст Джанлуіджы Буфон, які падкрэсліў, што мэта ініцыятывы “даць надзею гэтаму свету”.
Святкаванне І Сусветнага дня дзяцей распачнецца ў суботу 25 мая 2024 года на рымскім Алімпійскім стадыёне. Спачатку яго ўдзельнікі пачуюць сведчанні, а таксама ўбачаць прадстаўленні ў выкананні папулярных артыстаў з розных краін свету. Між іншых, сваёй гісторыяй з імі падзеліцца Ібрагіма Бальдэ – малады мігрант з Гвінеі, які на працягу трох гадоў дабіраўся да Іспаніі, і пра якога некалькі разоў згадваў у сваіх прамовах Папа. Раніцай наступнага дня, 26 мая, удзельнікі форума збяруцца на святой Імшы з Францішкам, якая пройдзе на ватыканскай плошчы святога Пятра.