Кардынал Канталамеса: прысутнасць Езуса вызваляе ад страху
Марыя Валодзіна - Pope
8 сакавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI прагучала казанне, з якім італьянскі капуцын звярнуўся да Папы і Рымскай курыі з нагоды Вялікага посту. Прапаведнік прапанаваў паразважаць над вобразам Хрыста – Добрага Пастыра, які “аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10, 11-15). Гэты вобраз займаў важнае, прывілеяванае месца ў раннехрысціянскім мастацтве: Добрага Пастыра адлюстроўвалі ў выглядзе маладога пастуха, які нясе на плячах авечку, моцна трымаючы яе за ногі.
У наш час вобразы Добрага Пастыра, авечак і статка не вельмі модныя. “Ці не баіцца Езус закрануць нашу адчувальнасць і абразіць нашу годнасць свабодных людзей, называючы нас сваімі авечкамі?” - запытаў капуцын, дадаючы, што сучасны чалавек пагардліва адхіляе ролю авечкі і ідэю статка. Аднак, асуджаючы іх у тэорыі, на практыцы ён часта сутыкаецца з імі. Прэсу, тэлебачанне, Інтэрнэт называюць сродкамі масавай інфармацыі, не толькі таму, што яны інфармуюць масы, але і таму, што яны іх фармуюць, ствараюць. Не заўважаючы гэтага, мы дазваляем маніпуляваць сабой, пераймаем чужыя ідэалы, мадэлі дабрабыту і паводзін: ядзім тое, што рэкламуюць, апранаемся так, як дыктуе мода, размаўляем так, як гавораць іншыя. Калі б мы паглядзелі на сябе больш крытычным позіркам, то ў нас склалася б уражанне, што мы, як марыянеткі, рухаемся ў фільме ў паскораным тэмпе.
“Каб зразумець, што мае на ўвазе Езус, калі абвяшчае сябе Добрым Пастырам, а нас сваімі авечкамі, трэба звярнуцца да біблейскай гісторыі. Спачатку Ізраіль быў народам качавых пастухоў”, - нагадаў прапаведнік. Жыццё тагачасных плямёнаў нагадвала жыццё сучасных бедуінаў. У такім грамадстве складваюцца не толькі эканамічныя, але амаль асабістыя адносіны паміж пастухом і статкам. Праводзячы дзень за днём у пустэльных месцах, без адзінай жывой душы вакол, пастух размаўляе з авечкамі, як з людзьмі.
З пераходам ад становішча качавых плямёнаў да аселых народаў слова пастыр пачынаюць выкарыстоўваць у больш шырокім сэнсе, ім называюць тых, хто выступае ў якасці прадстаўнікоў Бога на зямлі: цароў, святароў, правадыроў. Але ў гэтым выпадку сімвал змяняецца: ён больш не выклікае ў памяці вобразы абароны, бяспекі, але асацыюецца з вобразамі эксплуатацыі і прыгнёту. Побач з вобразам Добрага Пастыра з'яўляецца вобраз дрэннага пастыра, які думае толькі пра сябе і не клапоціцца аб статку, адзначыў іерарх.
Вялікі псіхолаг Юнг называе псіхіятра параненым лекарам, хворым чалавекам. Сэнс яго тэорыі заключаецца ў тым, што трэба ведаць свае ўласныя псіхалагічныя раны, каб лячыць раны іншых, і што веданне ран іншых дапамагае гаіць уласныя душэўныя раны. Пастыр Касцёла таксама з'яўляецца параненым лекарам, хворым чалавекам, які павінен дапамагаць іншым аздараўляцца, лічыць кардынал Канталамеса.
Галоўная ж хвароба, ад якой трэба лячыцца, каб быць добрымі пастырамі для іншых, - гэта страх, які пазбаўляе радасці жыцця. Страх – гэта наш экзістэнцыяльны стан. Ён суправаджае нас з дзяцінства да смерці. Дзіця баіцца многіх рэчаў: мы называем іх дзіцячымі страхамі. Падлетак часам баіцца іншага полу і заблытваецца ў сарамлівасці і комплексах непаўнавартаснасці. У дарослым узросце наш галоўны страх – гэта страх перад заўтрашнім днём, а таксама перад светам і яго ўладарамі. Езус жа заклікае нас не баяцца: Nolite timere! Гэта не пустое, бяссільнае слова, а эфектыўнае, амаль сакраментальнае слова. Як і ўсе словы Езуса, яно дзейнічае, - запэўніў прапаведнік.
Пасля тысячы заклікаў не баяцца Езус зрабіў нечуванае: аддаў жыццё за сваіх авечак. Ён узяў на сябе нашы страхі і пакуты. Езус – сапраўдны паранены лекар, пра якога казаў Юнг. Ён адчуў нашы страхі і пакуты, каб разумець нас, нашу чалавечнасць. Калі ж паранены лекар уваскрос з мёртвых, каб быць з намі ва ўсе дні, да канца свету, Ён даў нам не толькі прыклад таго, як перамагчы страх, але і сродак: Яго прысутнасць і ласку. Руку, якая падтрымлівае нас, - сказаў прапаведнік, заклікаючы слухачоў таксама быць параненымі лекарамі, якія вылечваюць іншых, вызваляючы ад страху і пакут.
Сваё казанне кардынал Канталамеса завяршыў вядомым аповедам пра сляды на пяску і пра Езуса, які ў самыя змрочныя і цяжкія моманты нашага жыцця нясе нас на плячах.