ҽ

Кардынал Канталамеса: вернасць натхненням Духа – шлях да святасці

Для дасягнення святасці чалавек не можа абмяжоўвацца выкананнем агульных правіл, аднолькавых для ўсіх. Ён павінен таксама зразумець, аб чым Бог просіць яго, і толькі яго, - падкрэсліў кардынал Раньера Канталамеса.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак і кіраўнікі ўстаноў Рымскай курыі выслухалі пятае велікапоснае казанне прапаведніка Папскага дома раніцай 22 сакавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Капуцын адзначыў, што ісці за Хрыстом – значыць цалкам падзяляць Яго лад жыцця, лёс і місію, прытрымлівацца Евангелля і спаўняць яго. Рабіць гэта нам дапамагае Уваскрослы Хрыстус праз свайго Духа, бо “калі Езус – гэта “Дарога”, тады Святы Дух – гэта правадыр”.

Кардынал Канталамеса падкрэсліў, што Святы Дух застаецца нябачным і дзейнічае на падабенства тэатральнага суфлёра. Аднак, у адрозненні ад суфлёра, Дух прамаўляе не ў вуха, а ў сэрца; не проста падказвае словы Евангелля, але тлумачыць іх, адаптуе, прыстасоўвае да розных сітуацый. Усё гэта “натхненні Духа”, так званыя “добрыя натхненні”, - дадаў іерарх, падкрэсліваючы, што вернасць ім – гэта “самы кароткі і надзейны шлях да святасці”.

“Ад самага пачатку мы не ведаем, якой канкрэтна святасці Бог хоча ад кожнага з нас; толькі Бог ведае гэта і крок за крокам адкрывае нам на шляху. Таму не дастаткова мець дакладную праграму ўдасканалення, каб потым паступова спаўняць яе. Не існуе прыкладу дасканаласці, аднолькавага для ўсіх. Бог не робіць серыйных святых, Яму не падабаецца кланіраванне. Кожны святы –нечуванае вынаходніцтва Духа. Бог можа прасіць у аднаго чалавека, цалкам адваротнае таму, што просіць у іншага. Адсюль вынікае, што для дасягнення святасці чалавек не можа абмяжоўвацца выкананнем агульных правіл, аднолькавых для ўсіх. Ён павінен таксама зразумець, аб чым Бог просіць яго, і толькі яго”, - патлумачыў прапаведнік.

Іерарх заўважыў, што Божую задуму для сябе чалавек пазнае праз жыццёвыя падзеі, Божае слова, падказкі духоўнага кіраўніка, але галоўным і звычайным сродкам з’яўляюцца “натхненні ласкі”, якія павінны быць пацверджаны кіраўніцтвам ці духоўным айцом.

Кардынал Канталамеса нагадаў гісторыю святой Тэрэзы Калькуцкай, якая мела звычайнае манаскае жыццё, але падчас паездкі ў Індыю Святы Дух “нашаптаў” ёй выразны заклік: пакінь твой ордэн, ранейшае жыццё і перайдзі ў Маё распараджэнне для справы, якую Я ўкажу табе. Сярод духоўных дачок Маці Тэрэзы гэты дзень – 10 верасня 1946 года – узгадваецца як “Дзень натхнення”, - нагадаў папскі прапаведнік.

Цяжкасць заключаецца ў тым, каб адрозніваць натхненні Святога Духа ад тых, што паходзяць ад духа гэтага свету, уласных жарсцяў ці злога духа, - сказаў іерарх, дадаючы, што для гэтага неабходна быць здольнымі распазнаваць уласныя намеры, рашэнні, пачуцці, плёнам чаго павінна стаць паслухмянасць і давер да Святога Духа.

“Гэта прасцей, чым мы думаем, таму што Ён гаворыць з намі ўнутры, вучыць нас усяму і настаўляе нас ва ўсім. Часам усё, што для гэтага патрабуецца – просты ўнутраны погляд, рух сэрца, момант разважання і малітвы”, - сказаў законнік, падкрэсліваючы жыццёвую неабходнасць у прыняцці натхненняў Святога Духа не толькі для кожнага хрысціяніна, але ў першую чаргу для тых, хто пакліканы кіраваць Касцёлам. Ён паставіў у прыклад святога Папу Яна ХХІІІ, які мужна прыняў “боскія натхненні”, плёнам чаго стаў Другі Ватыканскі Сабор.
 

22 сакавіка 2024, 10:51