Кардынал Гуджэроці заклікаў да салідарнасці з Касцёлам у Святой Зямлі
Аляксандр Панчанка - Pope
“Многія пілігрымы застаюцца далёка ад горада іх мар, у той час як жыхары Святой Зямлі працягваюць пакутаваць і гінуць. Па ўсім свеце разносіцца грукат смертаноснай зброі і не бачна перамір’я”, - гаворыцца ў пасланні кардынала Клаўдыё Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі. Ён нагадаў, што Папа ніколі не пераставаў выказваць блізкасць да тых, каго закранула вайна ў Святой Зямлі, а таксама заклікаць людзей добрай волі працаваць на карысць міру і паважаць святасць кожнага чалавека.
Кардынал заўважыў, што Касцёл заўсёды быў салідарны з хрысціянскімі супольнасцямі на радзіме Хрыста. “Дарагія браты і сёстры, гэта не пабожная традыцыя для нямногіх. Паўсюль у Каталіцкім Касцёле вернікі абавязаны ахвяроўваць сваю дапамогу праз так званы Папскі збор ахвяраванняў для Святой Зямлі, які праводзіцца ў Вялікую пятніцу, ці, у некаторых рэгіёнах, у іншы дзень году”, - адзначыў ён.
У лісце, скіраваным ва ўсе каталіцкія дыяцэзіі свету, іерарх патлумачыў, што грошы пойдуць не толькі на падтрымку святых месцаў, але таксама на дапамогу мясцовым хрысціянам, якія працягваюць заставацца ў рэгіёне, “нягледзячы на тысячы трагедый і цяжкасцей, часта выкліканых эгаізмам вялікіх гэтай зямлі”. Хрысціяне з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі і культуры Усходу, але сёння многія з іх “ужо не вытрымліваюць і пакідаюць месцы, дзе маліліся і сведчылі Евангелле іх бацькі і маці”.
“Звяртаюся да вас, каб іх вокліч не застаўся непачутым, і каб Святы Айцец меў магчымасць падтрымаць мясцовыя Касцёлы ў пошуках новых шляхоў, магчымасцей для пражывання, працаўладкавання, навучання і здабыцця прафесійнай адукацыі, каб яны маглі застацца і не згубіцца ў невядомым заходнім свеце, які моцна адрозніваецца ад іх адчувальнасці і спосабу сведчання веры”, - напісаў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Ахвяраванні на падтрымку каталіцкіх супольнасцей на Блізкім Усходзе, сабраныя ў Вялікую пятніцу ў 2023 годзе, склалі 6,5 мільёнаў еўра. Яны былі накіраваны на ўтрыманне санктуарыяў, душпастырскіх структур адукацыйнага, дабрачыннага, медыцынскага і сацыяльнага характару на тэрыторыі Іерусаліма, Палесціны, Ізраіля, Іарданіі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Егіпта, Эрытрэі, Турцыі, Ірана і Ірака. З гэтых сродкаў атрымалі дапамогу таксама маладыя семінарысты і святары, законнікі і законніцы, а таксама некаторыя свецкія вернікі.
Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў пералічыла 600 тысяч еўра на рэалізацыю праекта, бюджэт якога складае мільён еўра, прызначанага для дапамогі 7 тысячам чалавек, што пацярпелі ад землятрусу ў Сірыі і Турцыі. Сродкі, сабраныя падчас сёлетняга Папскага збору ахвяраванняў для Святой Зямлі, будуць выкарыстаны таксама для рэалізацыі гуманітарнага праекту, пажаданага Папам, у сектары Газа і на Заходнім беразе ракі Іардан, які дазволіць людзям вярнуцца да больш годнага жыцця і створыць магчымасці пра працаўладкавання.