ҽ

Касцёл хросту Езуса Хрыста ў Іарданіі, які арцыбіскуп Галахер наведае 13 сакавіка 2024 года Касцёл хросту Езуса Хрыста ў Іарданіі, які арцыбіскуп Галахер наведае 13 сакавіка 2024 года 

Арцыбіскуп Галахер сустрэўся з каралём Іарданіі і наведаў Цэнтр дапамогі Газе

У першы дзень свайго чатырохдзённага візіта ў Іарданію Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі сустрэўся з каралём Абдалой II, цэлебраваў Імшу з біскупамі Святой Зямлі і наведаў Цэнтр гуманітарнай дапамогі Газе.

Марыя Валодзіна - Pope

11 сакавіка 2024 года папскі дыпламат сустрэўся з каралём Абдалой ІІ і Міністрам замежных спраў Іарданіі Айманам ас-Сафадзі.

Візіт прымеркаваны да 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Іарданіяй. “Для Святога Пасада дыпламатычныя адносіны з'яўляюцца даўняй і сталай практыкай. Яны служаць інструментам падтрымкі свабоды Каталіцкага Касцёла ў краіне (libertas Ecclesiae) і абароны чалавечай годнасці (dignitatis humanae), заснаванай на каштоўнасцях справядлівасці, ісціны, свабоды і любові. Гэтыя прынцыпы заўсёды вызначалі нашы сяброўскія адносіны з Іарданіяй. У гэтай краіне Каталіцкі Касцёл адначасова дбайны і актыўны, можа займацца пастырскай дзейнасцю свабодна і плённа”, - адзначыў ватыканскі дыпламат у гаміліі падчас Святой Імшы ў каталіцкай парафіі Маці Божай Назарэцкай у Амане.

На Эўхарыстычным набажэнстве, якое прайшло 11 сакавіка 2024 года, прысутнічалі Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербатыста Піцабала, члены Асамблеі ардынарыяў Святой Зямлі, святары, законнікі і вернікі лацінскай, мельхіцкай, сірыйскай, мараніцкай, армянскай і халдзейскай традыцый, а таксама сем'і бежанцаў з Палесціны, Ірака і Сірыі. Арцыбіскуп Галахер перадаў усім прысутным прывітанне і благаслаўленне Францішка.

Дыпламат запэўніў, што Папа адчувае асаблівую заклапочанасць у сувязі з падзеямі на Блізкім Усходзе. Ён з вялікай увагай сочыць за тым, што адбываецца ў Ізраілі і Палесціне, і, як вядома, знаходзіцца ў пастаянным кантакце з каталіцкай супольнасцю ў Газе.

“Сёння, больш чым калі-небудзь, мы адчуваем вялікае адзінства ў малітве, якая аб'ядноўвае ўсіх нас, увесь Каталіцкі Касцёл па ўсім свеце, у малітве аб міры! Папа Францішак разам з усім Касцёлам моліцца аб тым, каб у Ізраілі і Палесціне, а таксама ва ўсім рэгіёне спыніўся агонь, каб больш не гінулі людзі, каб былі вызваленыя закладнікі, каб дапамаглі параненым і каб гуманітарная дапамога дайшла да тых, хто мае ў ёй патрэбу”, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.

У той жа дзень, 11 сакавіка 2024 года, папскі дыпламат наведаў сядзібу Іарданскай хашыміцкай дабрачыннай арганізацыі, якая адпраўляе гуманітарную дапамогу ў Газу. У сваёй прамове ён нагадаў пра абавязак абараняць грамадзянскае насельніцтва ад наступстваў узброеных канфліктаў.

Прадстаўнік Святога Пасада высока ацаніў намаганні Іарданіі па зборы, падрыхтоўцы і дастаўцы гуманітарнай дапамогі насельніцтву Газы. Каталіцкі Касцёл з самага пачатку ўдзельнічае ў гэтай ініцыятыве, - заўважыў ён, абвяшчаючы “сімвалічны і важны жэст” Папы Францішка, які праз апостальскую нунцыятуру накіраваў 50 тысяч еўра Карытас Іарданіі для аказання гуманітарнай дапамогі палесцінцам у Газе.

12 сакавіка 2024, 13:06