ҽ

Арцыбіскуп Галахер: Касцёл – гэта адзінства ў разнастайнасці

У фрагментарнай Трэцяй сусветнай вайне патрэбныя сапраўдныя хрысціяне, адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас чатырохдзённага візіту ў Турцыю.

Марыя Валодзіна - Pope

28 лютага 2024 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле ў Стамбуле, якая была прымеркавана да адзінаццатай гадавіны абрання Францішка на Пасад святога Пятра. На Імшы прысутнічаў Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, які 29 лютага правёў прыватную сустрэчу з папскім дыпламатам.

У гаміліі арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што хрысціяне закліканы ўнесці свой уклад у дасягненне міру і агульнага дабра. У цяперашнім міжнародным кантэксце, які Святы Айцец доўгі час называў фрагментарнай Трэцяй сусветнай вайной, “мы пакліканы перш за ўсё быць сапраўднымі хрысціянамі, здольнымі кіравацца Святым Духам, а не паддавацца спакусе супрацьстаяць яму. Мы ведаем, што Святы Дух парушае нашы планы і прасоўвае Касцёл наперад. Таму што Касцёл – гэта адзінства ў разнастайнасці", - падкрэсліў іерарх.

2 сакавіка 2024 года арцыбіскуп Галахер прыме ўдзел у Дыпламатычным форуме ў Анталіі – штогадовай канферэнцыі па пытаннях міжнароднай дыпламатыі, якая праводзіцца ў Стамбуле з 2021 года і аб'ядноўвае палітыкаў, дыпламатаў і навукоўцаў. Мэта мерапрыемства, арганізаванага Міністэрствам замежных спраў Турцыі, даследаваць мірныя шляхі ва ўмовах глабальных крызісаў. Войны, тэрарызм, міграцыя, рост расізму і ксенафобіі, змяненне клімату і стыхійныя бедствы, пандэміі і непрадбачаныя рызыкі штучнага інтэлекту - над такімі актуальнымі пытаннямі будуць разважаць удзельнікі форума.

01 сакавіка 2024, 12:53