Святы Пасад: пасяджэнне аб літургічнай фармацыі
Аляксандр Панчанка - Pope
6-9 лютага 2024 года кіраўніцтва, члены і эксперты ватыканскага ведамства будуць прымаць удзел у нарадзе на тэму: Euntes parate nobis Pascha (Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху). Шляхі літургічнай фармацыі для духавенства і свецкіх вернікаў. Сустрэча адбудзецца ў кантэксце 60-годдзя абвяшчэння на Другім Ватыканскім Саборы канстытуцыі пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium.
Мэтай асамблеі з’яўляецца вызначэнне практычных шляхоў на падставе ўказанняў, змешчаных у Апостальскім лісце Desiderio desideravi ад 29 чэрвеня 2022 года, у якім Папа Францішак адзначаў: “Адмова ад рэформы, а таксама павярхоўнае яе разуменне, адцягваюць увагу ад намаганняў, накіраваных на пошук адказаў на пытанне, якое я пастаянна паўтараю: як узрастаць у здольнасці паўнавартасна перажываць літургічнае дзеянне? Як працягваць здзіўляцца таму, што адбываецца на нашых вачах падчас цэлебрацыі? Мы маем патрэбу ў сур’ёзнай і жыццёва важнай літургічнай фармацыі”.
Асамблея мае на мэце не толькі падкрэсліць важнасць літургічнай фармацыі, але таксама даць біскупам практычныя прапановы для развіцця душпастырскіх ініцыятыў у іх дыяцэзіях, каб рэалізаваць на практыцы ўказанні, змешчаныя ў папскім дакуменце.