ҽ

Падпісанне дамовы аб адкрыцці новай сядзібы Bambino Gesù Падпісанне дамовы аб адкрыцці новай сядзібы Bambino Gesù  (ANSA)

Cвяты Пасад і Італія: дамова аб адкрыцці новай сядзібы Bambino Gesù

8 лютага 2024 года кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін і прадстаўнік італьянскага ўрада Альфрэда Мантавана падпісалі дэкларацыю аб намерах, якая прадугледжвае адкрыццё новай сядзібы педыятрычнай клінікі Bambino Gesù.

Марыя Валодзіна - Pope

Цырымонія падпісання дэкларацыі прайшла ў кулуарах канферэнцыі, прысвечанай 40-годдзю канкардату паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй. У выніку новай дамовы ватыканскі педыятрычны шпіталь атрымае магчымасць пашырыць сваю дзейнасць у галіне аховы здароўя і біямедыцынскіх даследаванняў.

Гістарычная сядзіба Bambino Gesù, якая месціцца на адным з рымскіх пагоркаў, Янікуле, цалкам вычарпала магчымасці для далейшага пашырэння. Найбольш прыдатным месцам для адкрыцця новай сядзібы была прызнана былая лячэбніца імя Карла Фарланіні. Яна адкрылася ў трыццатых гадах XX стагоддзя як першая буйная ўстанова ў свеце, прызначаная для лячэння туберкулёзу. Затым, да моманту свайго закрыцця ў 2015 годзе, структура дзейнічала як паўнавартасная бальніца.

Бакі вызначылі наступныя юрыдычныя і эканамічныя крокі, якія прывядуць да адкрыцця новай сядзібы Bambino Gesù. Плануецца, што гэта адбудзецца да 2030 года і дазволіць павялічыць плошчу бальнічных памяшканняў па меншай меры ў чатыры разы.

Каментуючы дамову, прадстаўнік Італіі Альфрэда Мантавана сказаў, што яна "з'яўляецца вынікам агульнай гатоўнасці стварыць адэкватныя ўмовы для дзяцей з сур'ёзнымі захворваннямі, членаў іх сямей, медыкаў, якія займаюцца іх лячэннем, а таксама для правядзення даследчай дзейнасці".

09 лютага 2024, 10:53