У ватыканскі дзіцячы шпіталь прыбылі хворыя дзеці з сектару Газа
Марыя Валодзіна - Pope
"Нарэшце мы ўбачылі ўсмешку ў вачах гэтых дзяцей. Яны кажуць, што шчаслівыя, бо выбраліся з пекла. Яны марылі аб тым, каб паехаць у Італію, і вось іх мара ажыццявілася”, - распавёў на сустрэчы з журналістамі, якая прайшла 30 студзеня 2024 года, айцец Ібрагім Фалтас.
"Яны атрымалі тут выдатны прыём, гэта знак таго, што Bambino Gesù прымае ўсіх, без адрозненняў. Усе яны – мусульмане з сектара Газа, кожны мае сваю асаблівую гісторыю”, - дадаў вікарый.
Сярод палесцінскіх пацыентаў ёсць хлопчык з артапедычнымі праблемамі. 26 членаў сям'і яго бацькі, журналіста Махамеда Аль-Ашкара, загінулі ў бамбардзіроўках, маці збегла ў Арабскія Эміраты з дзвюма дочкамі, якія таксама хварэюць, распавёў айцец Фалтас.
"Гэтыя дзеці ўжо хварэлі, але лячыцца ў Газе яны не могуць, там больш няма бальніцы, таму мы вырашылі перавезці іх сюды. На жаль, гэтага мала, таму што такіх дзяцей значна больш. (…)Мы адчуваем сябе абавязанымі клапаціцца пра іх, з пачуццём блізкасці, незалежна ад рэлігіі або іншых фактараў, таму што гаворка ідзе пра жыццё, а мы заўсёды выступаем за жыццё”, - патлумачыў Тыцыяна Анэсці, старшыня Рады дырэктараў клінікі.
Двое дзяцей пакутуюць на неўралагічныя захворванні, адно мае артапедычныя праблемы, яшчэ адно – гематалагічныя. Яны застануцца ў шпіталі столькі, колькі спатрэбіцца для іх аздараўлення.
"Вывезці іх было не проста. Мы вялі перамовы з палесцінскімі ўладамі, з егіпецкімі ўладамі, з Ізраілем. У нас у спісе было 100 чалавек, але нам удалося вывезці толькі 11, разам з 13 суправаджаючымі асобамі”, - распавёў айцец Фалтас, звяртаючыся з новым заклікам да міжнароднай супольнасці. Прыйшоў час сказаць: "Хопіць!". Жыцці ўжо страцілі больш за 26 тысяч чалавек, яшчэ 65 тысяч параненыя, не маюць магчымасці лячыцца, паколькі бальніцы разбураныя. Міжнародная супольнасць павінна ўмяшацца, каб спыніць гэтую вайну. Адзінае рашэнне, якое можа гарантаваць мір палесцінцам і ізраільцянам – гэта рашэнне па прынцыпе дзвюх дзяржаў. “Праўда заключаецца ў тым, што ў дадзены момант дрэнна ўсім: яўрэям, хрысціянам, мусульманам, палесцінцам, ізраільцянам”, - сказаў вікарый Кустодыі Святой Зямлі.