ҽ

Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН  (2022 Getty Images)

Святы Пасад у ААН: гвалт не спрыяе вырашэнню канфліктаў

Прадстаўнік Святога Айца прыняў удзел у сустрэчы Рады Бяспекі ААН, прысвечанай пытанню Блізкага Усходу і будучыні Палестыны. Сход праходзіў у Нью-Йорку.

Ян Глінскі

“Самым рэальным рашэннем для дасягнення трывалага міру на Блізкім Усходзе застаецца ўтварэнне дзвюх незалежных дзяржаў, з гарантаваным на міжнароднай арэне спецыяльным статусам для горада Іерусаліма”, - падкрэсліў арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра нястомныя заклікі Папы Францішка аб неадкладным спыненні насілля ў Сектары Газа і вызваленні закладнікаў. Як нагадаў іерарх, Пантыфік асуджае кожны выпадак тэрарызму і экстрэмізму, якія не могуць спрыяць вырашэнню спрэчак паміж народамі.

Арцыбіскуп Кача таксама ўказаў на складаную гуманітарную сітуацыю ў Сектары Газа, дзе ўжо налічваецца больш за 20 тысяч забітых і амаль два мільёны перасяленцаў. Як падкрэсліў іерарх, неабходна пазбегнуць сітуацыі, калі ўсё насельніцтва будзе цярпець ад наступстваў ганебнага акту тэрарызму. Дыпламат дадаў, што ва ўсіх дзеяннях самаабароны трэба кіравацца прынцыпамі прапарцыянальнасці і не парушаць міжнароднае гуманітарнае права.

Па словах ватыканскага іерарха, балюча тое, што “бальніцы, школы і месцы культу, якія з’яўляюцца апошнім выратавальным кругам для асобаў, якія бягуць ад насілля ў Сектары Газа, выкарыстоўваюцца для ваенных мэтаў і ў выніку атакуюцца”.

Арцыбіскуп Кача заклікаў абодва бакі шанаваць міжнароднае гуманітарнае права, а міжнародную супольнасць да рэальных дзеянняў дзеля заканчэння канфлікту.
 

26 студзеня 2024, 08:32