Рэакцыя на Fiducia supplicans: паведамленне Дыкастэрыі веравучэння
Аляксандр Панчанка - Pope
Абнародаванне 18 снежня 2023 года дактрынальнай дэкларацыі Fiducia supplicans пра значэнне благаслаўленняў адразу ж выклікала розную рэакцыю як з боку асобных біскупаў, так і з боку цэлых біскупскіх канферэнцый. Праз два тыдні прэфект і сакратар Дыкастэрыі веравучэння, адпаведна кардынал Віктар Мануэль Фернандэс і мансеньёр Арманда Матэа, вярнуліся да гэтай тэмы ў прэс-рэлізе, які быў апублікаваны 4 студзеня 2024 года.
“Зразумелыя заявы некаторых біскупскіх канферэнцый з’яўляюцца каштоўнымі, бо падкрэсліваюць неабходнасць больш доўгага перыяду пастырскай рэфлексіі. Тое, што было выказана гэтымі біскупскімі канферэнцыямі, не можа трактавацца як дактрынальная апазіцыя, паколькі дакумент з’яўляецца выразным і класічным адносна пытанняў аб сужэнстве і сексуальнасці. У Дэкларацыі ёсць некалькі дакладных фармулёвак, якія не пакідаюць сумневаў”, - гаворыцца ў камюніке.
У заяве пералічваюцца ўсе адназначныя часткі дакумента, з якіх ясна бачна, што вучэнне аб сужэнстве не змянілася і для Каталіцкага Касцёла дазволенымі з’яўляюцца сексуальныя адносіны толькі паміж мужчынам і жанчынай у сужэнстве. “Відавочна, што няма ніякіх падстаў для дактрынальнага дыстанцыравання ад гэтай Дэкларацыі або для таго, каб лічыць яе ерэтычнай, супярэчнай Традыцыі Касцёла або блюзнерскай”, - падкрэсліваецца ў паведамленні.
Тэкст дакумента, як вядома, дае магчымасць удзялення кароткіх і простых душпастырскіх благаслаўленняў (не літургічных і не абрадавых) неўрэгуляваным парам (а не іх саюзам), “падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра благаслаўленні без літургічнай формы, якія не адабраюць і не апраўдваюць сітуацыю, у якой знаходзяцца гэтыя людзі”.
Прэфект і сакратар Дыкастэрыі веравучэння прызнаюць, што такія дакументы “могуць патрабаваць, у іх практычных аспектах, большага або меншага часу для іх ужывання, у залежнасці ад мясцовага кантэксту і распазнавання кожнага дыяцэзіяльнага біскупа са сваёй дыяцэзіяй”. У “некаторых месцах няма ніякіх цяжкасцей для яго неадкладнага ўжывання, у іншых ёсць патрэба не ўводзіць нічога новага, беручы неабходны час для азнаямлення і інтэрпрэтацыі”. Насамрэч, кожны мясцовы біскуп заўсёды мае ўладу “вызначацца in loco, гэта значыць у тым месцы, якое ён ведае лепш за іншых, таму што гэта яго статак. Разважлівасць і ўвага да касцёльнага кантэксту і мясцовай культуры могуць дазваляць розныя спосабы ўжывання Дэкларацыі, але не поўнае або канчатковае адмаўленне гэтага шляху, які прапануецца святарам”.
Што тычыцца пазіцый цэлых біскупскіх канферэнцый, то яны павінны ўспрымацца ў іх уласным кантэксце: “У некаторых краінах існуюць сур’ёзныя культурныя і нават прававыя праблемы, якія патрабуюць часу і душпастырскіх стратэгій, што выходзяць за рамкі кароткатэрміновай перспектывы. Калі існуюць законы, якія прадугледжваюць турэмнае зняволенне, а ў некаторых выпадках катаванні і нават смерць толькі за сам факт прызнання сябе гомасексуальнай асобай, тады само сабой відавочна, што благаслаўленне было б неразважным. Зразумела, што біскупы не жадаюць падвяргаць гомасексуальных людзей пагрозе насілля. Але застаецца важным, каб гэтыя біскупскія канферэнцыі не адстойвалі вучэнне, адрознае ад змешчанага ў Дэкларацыі, падпісанай і зацверджанай Папам, бо гэта вучэнне, якое існавала заўсёды, а прасоўвалі неабходнасць вывучэння і распазнавання, каб дзейнічаць з пастырскай разважлівасцю ў такіх умовах”, - гаворыцца ў заяве.
У камюніке Дыкастэрыі падкрэсліваецца, што “сапраўдная навіна” Fiducia supplicans, якая “патрабуе шчырых намаганняў для прыняцця і ад якіх ніхто не павінен ухіляцца” – гэта не магчымасць благаслаўлення неўрэгуляваных пар, але запрашэнне адрозніваць дзве розныя формы благаслаўленняў: “літургічнае або абрадавае” і “спантаннае або душпастырскае”.
“Тэалагічная рэфлексія, заснаваная на пастырскім бачанні Папы Францішка, прадугледжвае сапраўднае развіццё таго, што было сказана пра благаслаўленні ў Настаўніцтве і афіцыйных тэкстах Касцёла”. Па гэтай прычыне, тлумачаць кардынал Фернандэс і мансіньёр Матэа, “тэкст Дыкастэрыі набыў высокі статус “Дэкларацыі”, які ўяўляе сабой нешта значна большае за responsum або ліст. Цэнтральная тэма, якая асаблівым чынам запрашае нас да паглыблення, што ўзбагачае нашу душпастырскую практыку – гэта больш шырокае разуменне благаслаўленняў і прапанова пашырыць прастору для ўдзялення душпастырскіх благаслаўленняў, якія не патрабуюць такіх жа ўмоў, як благаслаўленні ў літургічным або абрадавым кантэксце. Такім чынам, выходзячы за межы палемікі, тэкст заклікае да намагання спакойнай рэфлексіі, з пастырскім сэрцам, свабодным ад усякай ідэалогіі”. Усе закліканы ўзрастаць у перакананні, што “неабрадавыя благаслаўленні не з’яўляюцца асвячэннем асобы або пары, якія іх атрымліваюць, не з’яўляюцца апраўданнем усіх іх дзеянняў, не з’яўляюцца адабрэннем жыцця, якое яны вядуць”.
Затым у камюніке прыводзіцца просты прыклад хуткага, неабрадавага благаслаўлення. Адзначаецца, што “такое “душпастырскае” благаслаўленне павінна быць “перш за ўсё вельмі кароткімі”: яно здзяйсняецца на працягу некалькі секунд, без абраду і выкарыстання літургічных кніг. Калі два чалавека звяртаюцца з просьбай пра яго, мы проста просім Пана аб міры, здароўі і іншых дабротах для гэтых двух людзей. Адначасова мы просім, каб яны маглі жыць Евангеллем Хрыста ў поўнай вернасці і каб Святы Дух мог вызваліць гэтых двух людзей ад усяго, што не адпавядае Яго Божай волі, і ад усяго, што патрабуе ачышчэння. Гэта неабрадавая форма благаслаўлення, з яе прастатой і сцісласцю, не прэтэндуе на апраўданне чагосьці, што не з’яўляецца маральна прымальным. Відавочна, гаворка не ідзе ні пра шлюб, ні пра “ўхваленне” або адабрэнне чаго-небудзь. Гэта толькі адказ душпастыра на просьбу двух людзей аб Божай дапамозе. Таму, у дадзеным выпадку пастыр не ставіць ніякіх умоў і не жадае ведаць пра інтымнае жыццё гэтых людзей”.
Кожны біскуп у сваёй дыяцэзіі ўпаўнаважаны ўводзіць такія простыя благаслаўленні “з усімі неабходнымі парадамі адносна разважлівасці і асцярожнасці, але ў ніякім выпадку не ўпаўнаважаны прапаноўваць ці ўводзіць благаслаўленні, якія могуць нагадваць літургічны абрад”. У той жа час у “некаторых месцах, магчыма, будзе неабходна катэхізацыя, каб дапамагчы ўсім зразумець, што такога роду благаслаўленні не з’яўляецца адабрэннем жыцця, якое вядуць людзі, што просяць аб ім. У яшчэ меншай ступені яны з’яўляюцца адпушчэннем грахоў, бо гэтыя жэсты далёкія ад сакрамэнту ці абраду. Яны з’яўляюцца простым выразам душпастырскай блізкасці, які не ставіць такіх жа патрабаванняў, як сакрамэнт ці фармальны абрад”.