Паралін: сучасная вайна не паважае прынцыпы гуманітарнага права
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у рымскай канферэнцыі на тэму Святы Пасад і мір.
Іерарх выказаў надзею на тое, што пастаянныя заклікі Францішка да спынення агню ў сектары Газа, а таксама ва Украіне, дзе адбываецца “разня”, будуць нарэшце пачуты і рэалізаваны. Ён падкрэсліў, што заклікі суправаджаюцца дзеяннямі адкрыта дыпламатычнага характару для дасягнення пастаўленых мэт. Гаворка ідзе пра вызваленне закладнікаў, спыненне агню, гуманітарную дапамогу і пачатак трывалага і канчатковага вырашэння палесцінскай праблемы.
Дзяржсакратар Яго Святасці падкрэсліў, што невыкананне гуманітарнага права з'яўляецца вялікай праблемай падчас таго, што адбываецца ў сектары Газа: “Гэта вайна, якая больш не паважае асноўныя прынцыпы гуманітарнага права, таму грамадзянскія асобы становяцца мішэнямі, аб'ектамі вайны. У гэтым сэнсе магчымасці міжнароднага гуманітарнага права павінны быць адкрыты па-новаму”.
Размова бліжэйшага супрацоўніка Папы з журналістамі датычылася і пытання Украіны. Кардынал Паралін яшчэ раз падкрэсліў ролю Святога Пасада: “Мы хацелі б стварыць умовы для ўзаемаразумення, якія дазволілі б прыйсці да перамоў”. Ён прызнаўся, што менавіта гэта ідэя ляжала ў аснове місіі кардынала Дзупі, які быў накіраваны ў Кіеў, Маскву, Вашынгтон і Пекін.
Іерарх адказаў і на пытанні аб дакуменце Дыкастэрыі веравучэння Fiducia supplicans, які адкрывае магчымасць благаслаўлення сужэнстваў у нерэгулярных сітуацыях, у тым ліку аднаполых. “Важна, каб мы заўсёды ішлі за тым, што называецца прагрэс у пераемнасці”, - адзначыў ён, нагадваючы аб тым, што змены адбываліся заўсёды: сённяшні Касцёл – гэта не Касцёл 2000-гадовай даўніны.
“Касцёл адкрыты на знакі часу, уважлівы да новых патрэб, але ён таксама павінен быць верным Евангеллю, павінен быць верным Традыцыі, верным сваёй спадчыне. Такім чынам, калі гэтыя ферменты служаць таму, каб прытрымлівацца Евангелля і даваць адказы, яны вітаюцца”, - сказаў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада.
Спасылаючыся на ліст кардынала Фрыдаліна Амбонга, у якім афрыканскія біскупы пацвердзілі поўную камунію з Папам, але заявілі, што не жадаюць благаслаўляць гомасексуальныя пары, кардынал Паралін сказаў: “Гэта Дэкларацыя выклікала вельмі моцную рэакцыю з боку некаторых епіскапатаў. Гэта азначае, што закранута вельмі далікатная, вельмі адчувальная тэма, якая запатрабуе сур’ёзнага вывучэння”.