Кардынал Паралін: не дапусціць вялікага пажару на Блізкім Усходзе
Аляксандр Панчанка - Pope
Дзяржсакратар выказаў занепакоенасць абвастрэннем сітуацыі ў розных рэгіёнах Блізкага Усходу, падкрэсліваючы, што “адным з фундаментальных пунктаў было менавіта недапушчэнне пашырэння канфлікту”. “Трэба зрабіць так, каб усе кантралявалі сваю рэакцыю, каб не ўспыхнуў агульны пажар”, - сказаў ён у размове з журналістамі на палях канферэнцыі, прысвечанай кардыналу Акіле Сільвестрыні, якая прайшла 17 студзеня 2024 года ў Сенаце Італьянскай Рэспублікі.
Кардынал Паралін нагадаў, што для вырашэння канфлікту паміж Ізраілем і Палесцінай Святы Пасад прытрымліваецца прынцыпу, згода з якім павінны існаваць дзве дзяржавы – ізраільская і палесцінская“, але гэта ідэя катэгарычна адмаўляецца цяперашнім кіраўніцтвам ХАМАС. Паводле іерарха, для дасягнення гэтай мэты трэба спрыяць дыялогу паміж бакамі.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў, што Апостальская Сталіцы ўключана ў пошук мірнага рашэння па Украіне, хоць на цяперашні момант яе дзейнасць абмежавана гуманітарным вымярэннем. “Адзін з дзесяці пунктаў так званай мірнай платформы Зяленскага тычыцца гуманітарнага аспекту і на ім Святы Пасад засяродзіў свае намаганні”, - сказаў ён, запэўніваючы таксама пра намер ватыканскай дыпламатыі браць удзел у чарговай мірнай канферэнцыі высокага ўзроўню, аб скліканні якой папрасіў украінскі лідар падчас Сусветнага эканамічнага форума ў Давосе.
Каментуючы нядаўні даклад праваабарончай арганізацыі Open Doors, згодна з якім з гвалтам і ганеннямі за веру ў 2023 годзе сутыкнуліся каля 365 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста, кардынал Паралін адзначыў, што Апостальская Сталіца вельмі занепакоена гэтымі лічбамі. “Хрысціяне ў многіх частках свету не маюць мінімуму рэлігійнай свабоды, якая з’яўляецца іх правам і правам усіх рэлігій – карыстацца павагай да праяў сваёй веры”, - сказаў ён, заўважаючы, што пра такую сітуацыю папярэджвала Евангелле, калі казала, што вучні Езуса Хрыста сустрэнуць варожасць, супраціў і пераслед.