Выстава батлеек у Ватыкане нагадае пра боль Украіны
Марыя Валодзіна - Pope
Стаенка, прывезеная з Украіны, была выраблена ў стылі яварыўскай драўлянай цацкі, якую ў мінулым годзе ўнеслі ў Нацыянальны рэестр нематэрыяльнай культурнай спадчыны, паведаміў пасол Украіны пры Святым Пасадзе Андрэй Юраш. "Гэта вельмі яркая і жыццярадасная батлейка”, - адзначыў пасол, патлумачыўшы, што стаенка адлюстроўвае надзею на лепшае, на нараджэнне, на перамогу дабра і святла над усімі сіламі зла. Па словах дыпламата, гэтая батлейка, створаная па старажытнай рамеснай традыцыі, сведчыць аб тым, што Украіна заўсёды была неад'емнай часткай заходняга хрысціянскага свету.
Скульптура Святой сям'і Лучана Капрыёці – гэта сімвал бежанцаў. У ёй таксама прысутнічае элемент надзеі, шлях да якой праходзіць, аднак, праз пакуты і смерць. Скульптура адлюстроўвае святога Юзафа, які абдымае Марыю з Сынам на руках. Ля падножжа - невялікія вол і асёл нагадваюць пра магію святой ночы Божага Нараджэння. Гэтая магія прысутнічае "ў пяшчотным поглядзе Марыі, якая глядзіць на сваё Дзіця, у той час як у поглядзе Юзафа шмат трывогі, пакут, таму што “ён увесь час думае пра неабходнасць абараняць сваю сям'ю ад непазбежнай небяспекі", - патлумачыў скульптар у інтэрв'ю Pope.
Адваротны бок скульптуры таксама поўны сімвалаў: на плашчы святога Юзафа – гара, якая сімвалізуе Галгофу. На вяршыні гары – крыж, а ўсярэдзіне брацкая магіла – вобраз, які нагадвае пра вайну ва Украіне. Побач з крыжам – два абломкі расійскіх ракет, выпушчаных падчас абстрэлаў Харкава. На дне брацкай магілы – пшанічныя каласы, знак Уваскрасення і адраджэння, сімвал Украіны, - адзначыў Лучана Капрыёці, кардыёлаг, мастак і скульптар.
“Вядома, вайну не спыніць мастацтвам, але мастацтва не можа маўчаць. Мастацтва павінна крычаць ці плакаць, рабіць так, каб яго голас быў пачуты, - лічыць італьянскі скульптар. - За мастацтвам стаіць мастак, а ў мастака ёсць сумленне, ёсць сэрца, ёсць розум". Як можа ён заставацца абыякавым, як можа не заняць пазіцыю, асабліва перад тварам актаў жорсткасці?" " Слабым трэба дапамагаць, нявінных трэба ратаваць, а калі гэта немагчыма, то трэба плакаць і пакутаваць разам з тымі, хто пакутуе. Гэта і ёсць спачуванне", - сказаў Лучана Капрыёці.