Ватыканскія музеі: інтэрактыўная выстава раскрые магію рэстаўрацыі
Марыя Валодзіна - Pope
Новы інтэрактыўны маршрут, распрацаваны Ватыканскімі музеямі, атрымаў назву Па-за паверхняй. Погляд рэстаўратара. Яго прэзентацыя адбудзецца 11 снежня 2023 года ў канферэнц-зале Ватыканскіх музеяў. Выстава прымеркавана да стогадовай гадавіны заснавання майстэрні рэстаўрацыі жывапісных і драўляных твораў Ватыканскіх музеяў – адной з найстарэйшых у свеце.
Мастацтва вачыма рэстаўратара
Выстава “дазволіць наведвальнікам і энтузіястам пазнаёміцца з займальнымі гісторыямі, якія хаваюцца за кожным мастацкім творам”. Інтэрактыўны маршрут прапануе “ўнікальную магчымасць уважліва ацаніць дэталі, якія часта выпадаюць з-пад увагі наведвальнікаў, але выяўляюцца ў ходзе рэстаўрацыі", - гаворыцца ў прэс-рэлізе Ватыканскіх музеяў.
Уздоўж музейнага маршруту побач з адрэстаўраванымі жывапіснымі палотнамі будуць размешчаны QR-коды, якія дазволяць наведвальнікам глыбей пагрузіцца ў гісторыю артэфактаў. Яны змогуць зірнуць на мастацкія творы вачыма рэстаўратараў, даведацца пра метады выканання рэстаўрацыйных работ і гісторыю рэстаўрацыйнай дзейнасці.
Адна з найстарэйшых рэстаўрацыйных майстэрняў
Рэстаўрацыйная майстэрня Ватыканскіх музеяў грае адметную ролю не толькі ў Дзяржаве Ватыкан, але і на міжнародным узроўні. Яе дзейнасць накіравана на захаванне спадчыны Святога Пасада, якая складаецца з дзясяткаў тысяч квадратных метраў насценных роспісаў і каля 5300 жывапісных палотнаў. Ватыканскія рэстаўратары ўжываюць комплексны падыход да захавання мастацкай спадчыны з дапамогай маніторынгу, прафілактычных праверак, тэхнічнага абслугоўвання, аператыўных умяшанняў, навуковых даследаванняў і поўнай рэстаўрацыі музейных шэдэўраў.