ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Ватыкан: больш за 120 калядных сцэн з усяго свету на выставе

Сёлета ў Ватыкане зноў рыхтуецца выстава з больш чым 120 батлеек з усяго свету. Яна адкрыецца днём 8 снежня 2023 года ў каланадзе плошчы святога Пятра. Лейтматыў – святкаванне 800-годдзя першых калядных ясляў у італьянскім Грэча.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Традыцыя гаворыць, што ў мясцовай пячоры святы Францішак Асізскі ва ўспамін нараджэння Езуса ў Бэтлееме падрыхтаваў першую жывую батлейку і такім чынам распачаў 800-гадовую традыцыю. Менавіта на ўзор гэтай першай каляднай батлейкі сёлета пабудаваны вялікія святочныя яслі на плошчы святога Пятра.

На выставе ў каланадзе вакол ватыканскай плошчы будзе прадстаўлена больш за 120 калядных сцэн з 22 краін свету, у тым ліку – з Украіны і Расіі. Іх выраблялі з розных матэрыялаў, уключаючы тканіну і дрэва. Сярод іх, напрыклад, калядныя батлейкі ў форме кававаркі і турынскага сабора, дзве кампазіцыі, зробленыя зняволенымі. Як і ў мінулыя гады, на выставе таксама будуць яслі Божага Нараджэння, створаныя вучнямі школ рэгіёну Лацыё.

Міжнародная выстава 100 батлеек у Ватыкане будзе працаваць да 7 студзеня 2024 года. Наведаць яе можна бясплатна.
 

04 снежня 2023, 09:58