Судовы працэс, які гарантаваў правы ўсіх
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка - Pope
Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Pope заўважыў, што, дзякуючы празрыстасці судовага працэсу, стала бачна, як у некаторых выпадках ажыццяўляецца кіраванне ватыканскімі фінансамі, а таксама было праліта святло на спробы некаторых знешніх суб’ектаў прысвоіць рэсурсы Касцёла.
Эксперт нагадаў, што шлях празрыстасці быў мужна пачаты Бэнэдыктам XVI і рашуча працягнуты рэформамі Францішка. Ён падкрэсліў, расследаванне справы было ініцыятывай саміх структур Святога Пасада, а судовы працэс быў справядлівым: ён прадугледжваў доўгія дэбаты і гарантаваў правы ўсіх абвінавачаных.
“Пра гэта сведчыць не толькі колькасць судовых пасяджэнняў, дакументаў і выслуханых людзей, але таксама той факт, што многія сведкі, паказанні якіх на пачатку здаваліся вельмі важнымі, у выніку дэбатаў і на падставе прадстаўленых даказальных дакументаў, былі прызнаны нязначнымі”, - адзначыў Андрэа Тарніелі.
Вынік гэтага працэсу, на думку эксперта, таксама кажа пра тое, што суддзі дзейнічалі ў поўнай незалежнасці, на падставе дакументальных доказаў і выслуханых паказанняў, а не загадзя падрыхтаваных тэорый, пакідаючы дастаткова прасторы для правядзення дыскусій. “Такім чынам, прысуд быў вынесены з захаваннем усіх гарантый абвінавачаных, з улікам просьбаў іх абаронцаў і перш за ўсё без змянення працэсуальных норм на карысць абвінавачвання. Пра гэта сведчыць, напрыклад, рашэнне суда прызнаць непрыдатнымі заявы, якія Джанлуіджы Торцы зрабіў падчас допыту Ватыканскай жандармерыяй”, - напісаў ён, маючы на ўвазе паказанні супраць іншых падсудных, якія не былі прызнаныя, бо сам Торцы не з’явіўся ў зале суда, каб паўтарыць і пацвердзіць іх.
Тарніелі нагадаў словы Папы Францішка, які падкрэсліваў, што “праблемай з’яўляюцца не судовыя працэсы, а факты і ўчынкі, якія да іх прыводзяць і робяць іх неабходнымі”. “Прынцыпы празрыстасці, строгі фінансавы кантроль, таксама з боку знешніх аўдытараў, і ўсведамленне таго, што беспакаранасці няма, дазволяць рэалізаваць прынцыпы кіравання касцёльнай маёмасцю, падобныя да тых, якіх прытрымліваецца добры галава сям’і. Гэты працэс паказаў, што Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан маюць неабходныя “антыцелы” для выяўлення магчымых злоўжыванняў або парушэнняў. Ён пацвердзіў, што правасуддзе ажыццяўлялася ў адпаведнасці з працэсуальным кодэксам, з павагай да правоў кожнага з бакоў і ў адпаведнасці з прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці”, - заключы ватыканскі медыя-эксперт.