ҽ

Кардынал Краеўскі пра сваю місію ў Святой Зямлі

Папскі элемазінарый падзяліўся ўражаннямі ад першага дня наведвання Святой Зямлі. У Віфлееме ён сустракаўся і маліўся з маладымі людзьмі з Газы. Сярод іх была жанчына, якая страціла дванаццаць членаў сям'і.

Марыя Валодзіна - Pope

Першы дзень місіі кардынала Конрада Краеўскага распачаўся ў Віфлееме, куды ён прыбыў у 2 гадзіны ночы 22 снежня 2023 года. Раніцай ён маліўся ў базіліцы Божага Нараджэння, пасля чаго разам з айцом Габрыэлем Раманелі, каталіцкім пробашчам з Газы, наведаў тры дзіцячыя дамы. "Там клапоцяцца пра малых дзяцей, падабраных на вуліцах. Двух дзяцей манахіні прывезлі літаральна ўчора", - распавёў іерарх у інтэрв'ю Pope. "Я пакінуў ім адчувальную дапамогу ад Святога Айца, таму што яны сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі", - дадаў ён.

Пасля гэтага кардынал Краеўскі наведаў семінарыю Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма, дзе жывуць і вучацца 38 семінарыстаў.

У другой палове дня папскі пасланнік правёў, па яго словах, "вельмі цяжкую сустрэчу" з чатырма маладымі людзьмі, якім пашчасціла пакінуць Газу “да пачатку пекла”. У горадзе засталіся ўсе іх сваякі. "Адна маладая жанчына страціла дванаццаць членаў сям'і", - падзяліўся кардынал Краеўскі. - "Яны прыйшлі, каб распавесці аб тым, што адбываецца, каб мець магчымасць перадаць Святому Айцу, якое там пекла. Не хапае вады, электрычнасці, вакол касцёла месціцца амаль 600 чалавек”.

Іерарх паведаміў, што сустрэўся таксама з грэка-каталіцкім біскупам: "Гаворка ішла аб тым, як павялічыць дапамогу". Свята Нараджэння Пана ў Святой Зямлі ў гэтым годзе павінна адзначацца без агнёў, таму адзінае святло, якое сагравае і паказвае кірунак, - гэта святло блізкасці.

У суботу, 23 снежня, кардынал Краеўскі збіраецца наведаць манаскія супольнасці і святароў, каб падтрымаць іх у складанай сітуацыі.

23 снежня 2023, 11:13