ҽ

Уваход  у ватыканскую амбулаторыю Маці Божай Міласэрнасці Уваход у ватыканскую амбулаторыю Маці Божай Міласэрнасці  

Ватыкан: пашырэнне медпаслуг да Сусветнага дня бедных

Дыкастэрыя па міласэрным служэнні рыхтуецца да Сусветнага дня бедных, які адзначаць у Касцёле 19 лістапада 2023 года. У Ватыкане пашырылі спектр медыцынскіх паслуг для людзей у патрэбе.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

На некалькі гадзін была падоўжаная праца амбулаторыі на плошчы святога Пятра, дзе ў гэтыя дні дапамогу аказваюць 50 урачоў розных спецыяльнасцей. Усе пацыенты атрымліваюць бясплатныя лекі ў ватыканскай аптэцы, а тыя, хто мае патрэбу ў спецыялізаваным лячэнні, накіроўваюцца ў бальніцы, якія супрацоўнічаюць з Ватыканам.

Дырэктар ватыканскай амбулаторыі Маці Божай Міласэрнасці падкрэсліў, што апошнім часам значна павялічылася колькасць патрабуючых. “Раней прымалі ў сярэднім 800 пацыентаў у месяц, а апошнім часам іх стала ўдвая больш”, - падзяліўся з Pope доктар Масіма Раліі.

Установа прапануе наведванне ўрача агульнай практыкі і спецыялістаў. “У нас ёсць кардыёлагі, стаматолагі, оталарынголагі і нават рэўматолагі і анколагі. Кожны дзень мы праводзім аналіз крыві. Тут можна зрабіць прышчэпку ад грыпу, а пры неабходнасці мы таксама робім аналізы на каронавірус”, - распавёў галоўны ўрач.

Медпункт у апошнія гады атрымаў значнае развіццё. За мінулы месяц яго паслугамі скарысталіся паўтары тысячы чалавек. “Гэта не толькі бяздомныя, расце попыт на нашу дапамогу з боку бедных людзей і тых, хто мае розныя патрэбы. Гэта важная паслуга, якую Дыкастэрыя па міласэрным служэнні выконвае ў ценю каланады Берніні”, - падкрэсліў італьянскі ўрач.

Ён адзначыў, што многія паталогіі, з якімі даводзіцца змагацца, вынікаюць з ладу жыцця пацыентаў. Жыццё на вуліцы і адсутнасць дастатковага доступу да душавых прыводзяць да скурных паталогій і захворвання стоп. Многія людзі таксама пакутуюць ад боляў у суставах і рэўматычных праблем.

Пацыенты і валанцёры лазарэта ў нядзелю прымуць удзел у Імшы з Папам, пасля чаго ў ватыканскай Зале імя Паўла VI сустрэнуцца з Францішкам на сумесным абедзе, на якім сядзе разам каля 1,5 тысячы тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, у асноўным гэта будуць бяздомныя.
 

15 лістапада 2023, 11:09