ҽ

Марыйны санктуарый у Ларэта Марыйны санктуарый у Ларэта 

У Ватыкане праходзіць міжнародная сустрэча рэктараў санктуарыяў

Рэктары і супрацоўнікі санктуарыяў з розных частак свету сабраліся разам у Ватыкане на трохдзённую сустрэчу, арганізаваную Дыкастэрыяй па евангелізацыі ў святле падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Pope

Міжнародная канферэнцыя адбываецца ў Зале Паўла VI з 9 па 11 лістапада 2023 года. У заключны дзень форума яго ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Папа Францішак. Тэма сустрэчы: Санктуарый – дом малітвы. На шляху да Юбілею-2025. Яе праграма прадугледжвае шматлікія лекцыі, якія адлюструюць розныя аспекты малітоўнай дзейнасці, магчымай у санктуарыях. Гаворка будзе ісці пра заступніцкую малітву, малітву грэшніка, малітву ў мастацтве, народную малітву. З гэтымі тэмамі пазнаёмяць выкладчыкі папскіх навучальных устаноў Рыма і душпастыры з розных краін.

Кардынал Анджэла Камастры, арцыпрэзбітэр-эмерыт базілікі святога Пятра ў Ватыкане, распавядзе пра тое, як прымаць і праводзіць пілігрымаў, а вядомы кампазітар, ксёндз Марка Фрызіна, прачытае даклад, прысвечаны малітве музыкай і спевам. Удзельнікі форума пазнаёмяцца таксама з праектам Перапіс санктуарыяў у касцёльных рэгіёнах Італіі, які прадставіць прафесар Джусціна Ачэта, выкладчыца Папскага тэалагічнага факультэта Марыянум.

Перад сустрэчай са Святым Айцом, у суботу 11 лістапада, арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, прачытае лекцыю на тэму Санктуарый на шляху да Юбілею надзеі, а некалькі сведчанняў пазнаёмяць з малітвай у міжнародных санктуарыях. У праграме форума прадугледжана таксама Імша у ватыканскай базіліцы святога Пятра і канцэрт дзіцячага хору Le Dolci Note.

Міжнародная сустрэча рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў з розных краін свету адбываецца ў Ватыкане не ўпершыню. Папярэдні такі форум прайшоў у 2018 годзе. Ён быў прысвечаны тэме: Санктуарый – адчыненыя дзверы для новай евангелізацыі.
 

10 лістапада 2023, 08:14