ҽ

ААН у Жэневе ААН у Жэневе  (BENEDETTA BARBANTI)

Святы Пасад занепакоены ростам ужывання выбуховай зброі

Не зброя, не тэрарызм і не вайна, а спачуванне, справядлівасць і дыялог з'яўляюцца сродкамі дасягнення міру, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН у Жэневе.

Марыя Валодзіна – Pope

15-16 лістапада 2023 арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у пасяджэннях, прысвечаных звычайным узбраенням. Выступаючы на 54-й чарговай сесіі Савета па правах чалавека, прысвечанай Канвенцыі аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца наносячымі празмерныя пашкоджанні або маючымі невыбіральнае дзеянне, ён адзначыў, што канвенцыя заклікана стаць важнай часткай міжнароднага гуманітарнага права, якое падчас узброеных канфліктаў служыць “апорай для абароны годнасці кожнага чалавека”. На жаль, занадта часта “так званыя стратэгічныя і палітычныя імператывы, а таксама эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы бяруць верх над годнасцю чалавечай асобы”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што закон, які захоўваецца ў свядомасці кожнага чалавека і ўсіх народаў, утрымлівае маральны абавязак пазбягаць узброеных канфліктаў, калі ж яны непазбежныя, абараняць грамадзянскае насельніцтва ад іх наступстваў. Святы Пасад занепакоены прымяненнем выбуховай зброі, асабліва ў населенай мясцовасці - гарадах, школах, бальніцах, месцах культу – дзе яна ўсё больш і больш пераўтвараецца ў зброю масавага знішчэння, - заявіў арцыбіскуп Балестрэра.

Што тычыцца летальных аўтаномных сістэм узбраення, выклікае роспач той факт, што пасля дзесяцігоддзя актыўных дыскусій было дасягнута няшмат канкрэтных вынікаў. Святы Пасад заклікае да правядзення перамоваў па юрыдычна абавязковаму дакументу для рэгулявання гэтай зброі, ужыванне якой можа мець непрадбачаныя наступствы. Усё больш шырокае выкарыстанне ўзброеных беспілотнікаў і камікадзэ “з'яўляецца змрочным прадвесцем будучага кашмару”, якога можна і неабходна пазбегнуць сумеснымі намаганнямі ўсяго чалавецтва, - зазначыў дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра паўтарыў прапанову Святога Пасада аб стварэнні Міжнароднага агенцтва па штучным інтэлекце, а таксама праінфармаваў аб тым, што пасланне Францішка на Сусветны дзень міру - 2024 будзе прысвечана тэме Штучны інтэлект і мір.

21 лістапада 2023, 11:13