Выніковая прэс-канферэнцыя: Сінод яшчэ не завершаны
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У кароткім слове да сабраных журналістаў кардынал Марыё Грэк, генсек Сінода, яшчэ раз падкрэсліў, што галоўным героем асамблеі з’яўляецца Дух Святы. Ён удакладніў, што гэта неаднаразова выказанае Папам перакананне з’яўляецца не лозунгам, а “фундаментальным прынцыпам кожнай сінадальнай дзейнасці”. У адваротным выпадку ўсё ператвараецца ў "формулы", якія, можа быць, і прыгожыя, але ў канчатковым выніку пустыя і бясплодныя.
Кардынал Олерыш, у сваю чаргу, высока ацаніў яснасць тэксту выніковага дакумента пасяджэння Сінода, у якім шырокае кола тэм выразна арганізаваны ў 20 параграфах. У тэксце, разбітым на падраздзелы, падрабязна пералічаны дасягнутыя ў кожным выпадку дамоўленасці, затым пазначаны тэмы, якія неабходна вывучыць, і прапановы па далейшай працы над тэмай.
Ён падкрэсліў, што гэта не канец працы: “Пачынаючы з дасягнутых пагадненняў, супольнасці закліканы паглыбляць тэмы і прапановы праз спалучэнне духоўнага і тэалагічнага распазнання, а таксама душпастырскай практыкі”.
Усе пункты дакумента, па кожным з якіх галасавалі асобна, былі прыняты пераважнай большасцю галасоў. Вынікі галасавання былі прадстаўлены журналістам разам з дакументам. У прыватнасці, адносна вялікую колькасць галасоў супраць атрымаў пункт аб разглядзе магчымасці дыяканата для жанчын – за было 277 галасоў, супраць – 69.
Кардынал Олерыш, аднак, прызнаўся, што "не занепакоены такім вынікам", бо ў рэшце рэшт, было ясна, што некаторыя моманты ўсё яшчэ патрабуюць далейшага ўдакладнення ў будучыні. Але ён быў прыемна здзіўлены, што так шмат людзей у канчатковым выніку прагаласавалі за. У згаданым пункце выкладаюцца розныя пазіцыі, якія выявіліся падчас абмеркаванняў.
Кардынал Грэк адзначыў, што асобныя моманты былі прызнаныя адкрытымі і іх абмеркаванне неабходна працягнуць. “Сінод яшчэ не завершаны”, - сказаў ён, маючы на ўвазе той факт, што выніковы дакумент спачатку адправяць у мясцовыя Касцёлы, а потым ён зноў будзе абмеркаваны на пленарным пасяджэнні падчас наступнага этапу Сінода ў кастрычніку 2024 года.