ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Удзельнікі Сінода: няхай чалавецтва стане адзінай і мірнай сям’ёй

Удзельнікі XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, распачалі сваё пасяджэнне 12 кастрычніка 2023 года супольнай малітвай за мір, просячы Нябеснага Айца, каб зрабіў чалавецтва адной сям’ёй, што не ведае войнаў.

Аляксандр Панчанка - Pope

Распачаў малітву кардынал Луіс Рафаэль Сако, халдэйскі Патрыярх Багдада. Іракскі іерарх заахвоціў прысутных на Зале Паўла VI “памаліцца за мір у свеце, асабліва ў Святой Зямлі, а таксама ва Украіне”. Ён згадаў пра насілле ў Іраку, Іране і Ліване. “Людзі з вялікай надзеяй чакаюць жыцця ў годнасці і братэрстве, а не ў страху і хваляваннях”, - сказаў ён, заклікаючы да салідарнасці з усімі, хто перажывае страх і пакуты.

Затым словы малітвы прамовіла старшыня Руху факаляраў, палестынка, Маргарэт Карам. “Пане, молім цябе за Святую Зямлю, за народы Ізраіля і Палестыны, якія знаходзяцца ў палоне беспрэцэдэнтнага насілля, за ахвяр, асабліва за дзяцей, параненых, закладнікаў, зніклых без вестак і іх сем’і”, - сказала яна, згадваючы таксама пра іншыя народы Блізкага Усходу, якія пакутуюць ад тэрору і разбурэнняў.

“Дапамажы нам Пане будаваць братэрскі свет, каб гэтыя народы і тыя, якія знаходзяцца ў падобных сітуацыях канфлікту, нестабільнасці і гвалту, адшукалі шлях павагі да правоў чалавека, на якім справядлівасць, дыялог і прымірэнне з’яўляюцца неад’емнымі прыладамі для будавання міру”, - дадала Маргарэт Карам.

Удзяляючы благаслаўленне, кардынал Сако, маліўся, каб зрабіў Нябесны Айцец зрабіў “усё чалавецтва адзінай сям’ёй, якая не ведае гвалту, абсурдных войнаў і ў братэрскім духу жыве, з’яднаная ў міры і згодзе”.
 

12 кастрычніка 2023, 11:26