ҽ

Супольнае фота ўдзельнікаў Сінода Біскупаў з Папам Супольнае фота ўдзельнікаў Сінода Біскупаў з Папам  (AFP or licensors)

Удзельнікі Сінода Біскупаў скіравалі Ліст да народа Божага

Удзельнікі Сінода Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, скіравалі Ліст да народа Божага. Каб узрастаць у распазнаванні Касцёл павінен слухаць усіх, гаворыцца ў звароце.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Дарагія сёстры, дарагія браты, завяршаючы працу першай сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, мы хочам разам з вамі падзякаваць Богу за цудоўны і багаты досвед, які толькі што атрымалі. Гэты благаслаўлёны час мы перажылі ў глыбокай еднасці з вамі. Мы былі падтрыманыя вашымі малітвамі, несучы з сабой вашы чаканні, вашы пытанні, а таксама вашы страхі”, - такім словамі пачынаецца Ліст да народа Божага, які быў абнародаваны ўвечары 25 кастрычніка 2023 года, пасля ўхвалення яго зместу шляхам галасавання ўдзельнікаў сінадальнага сходу.

У дакуменце згадваецца, што мінула два гады пасля таго, як Святы Айцец ініцыяваў “працэс слухання і распазнавання, адкрыты на ўвесь Божы люд”, а ватыканская сесія стала яго важным этапам. “Шмат у чым гэта быў беспрэцэдэнтны досвед. Упершыню на заклік Папы Францішка мужчыны і жанчыны былі запрошаны, у сілу свайго хросту, сесці за адзін стол, каб прыняць удзел не толькі ў дыскусіях, але і ў галасаванні на гэтай Асамблеі Сінода Біскупаў”, - гаворыцца ў лісце.

“Карыстаючыся метадам размоў у Духу, мы з пакорай дзяліліся багаццем і нястачамі нашых супольнасцей, спрабуючы распазнаць тое, што Святы Дух хоча сказаць Касцёлу сёння. Мы спазналі таксама важнасць падтрымкі ўзаемнага абмену паміж лацінскай традыцыяй і традыцыямі хрысціянскага Усходу. Удзел братэрскіх дэлегатаў іншых Цэркваў і касцёльных супольнасцей глыбока ўзбагаціў нашы дэбаты”, - адзначылі ўдзельнікі Сінода.

У пасланні падкрэсліваецца, што асамблея праходзіць у кантэксце крызісу, які перажывае свет, і што некаторыя яе ўдзельнікі прыбылі з краін, дзе ідзе вайна. “Мы маліліся за ахвяр чалавеказабойчага гвалту, не забываючы пра ўсіх тых, каго галеча і карупцыя падштурхнулі на небяспечныя шляхі міграцыі. Мы запэўнілі ў нашай салідарнасці і падтрымцы намаганняў людзей, якія ва ўсіх частках свету працуюць як рамеснікі справядлівасці і міру”, - гаворыцца ў лісце.

Удзельнікі Сінода Біскупаў звярнулі ўвагу на духоўны аспект асамблеі. Яны нагадалі, што “значны час быў вылучаны на маўчанне”, каб спрыяць “паважліваму слуханню адзін аднаго і жаданню адзінства ў Духу”. “Дзень за днём мы адчувалі настойлівы заклік да пастырскага і місійнага навяртання. Бо пакліканне Касцёла – абвяшчаць Евангелле, не засяроджваючыся на саміх сябе, але служачы бясконцай любові, якой Бог любіць свет”, - напісалі яны.

У дакуменце выказваецца спадзяванне на тое, што час да другой сесіі Сінода аб сінадальнасці, якая пройдзе ў кастрычніку 2024 года, дазволіць усім канкрэтным чынам паўдзельнічаць у дынаміцы місійнай еднасці, акрэсленай словам “сінод”. Удзельнікі сходу заклікалі ўсіх далучацца да працэсу касцёльнага распазнавання, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе не пра ідэалогію, а пра “досвед, укаранёны ў Апостальскай Традыцыі”. “Выклікі – разнастайныя і пытанні шматлікія: падагульняючая справаздача першай сесіі праясніць пункты, па якіх была дасягнута згода, пакажа адкрытыя пытанні і ўкажа, як працягваць шлях”, - гаворыцца ў лісце.

“Для таго, каб узрастаць у сваім распазнаванні, Касцёлу абсалютна неабходна слухаць усіх, пачынаючы ад самых бедных”, - напісалі ўдзельнікі Сінода, заклікаючы прыслухоўвацца да голасу тых, хто пазбаўлены яго ў грамадстве, хто адчувае сябе адчужаным, у тым ліку ў Касцёле; да голасу ахвяр расізму ва ўсіх яго формах, і голасу ахвяр злоўжыванняў.

Касцёл таксама мае патрэбу ў тым, каб слухаць свецкіх вернікаў: “сведчанне катэхетаў, якія ў многіх сітуацыях першымі абвяшчаюць Евангелле”; “прастату і жвавасць дзяцей, энтузіязм маладых людзей, іх пытанні і заклікі”; “мары пажылых людзей, іх мудрасць і іх памяць”, - гаворыцца ў лісце. Падкрэсліваецца, што Касцёл павінен прыслухоўвацца да сем’яў, з іх трывогамі і сведчаннем; пачуць голас тых, хто прагне прымаць удзел у свецкім служэнні, у працы структур, якія займаюцца распазнаваннем і прыняццем рашэнняў.

“Каб узрастаць у сінадальным распазнаванні, Касцёлу асабліва неабходна яшчэ лепш пачуць словы і досвед пасвячоных служыцеляў: святароў, першых супрацоўнікаў біскупаў, сакрамэнтальная паслуга якіх з’яўляецца неабходнай для жыцця ўсяго Цела; дыяканаў, якія праз сваё служэнне выражаюць клопат усяго Касцёла аб служэнні найбольш уразлівым”, - падкрэслілі ўдзельнікі Сінода, адзначаючы таксама важнасць “прарочага голасу кансэкраванага жыцця”. Заўважаецца, што Касцёл “павінен быць уважлівым да тых, хто не падзяляе яго веру, але шукае праўду, і ў якіх прысутнічае і дзейнічае Святы Дух”.

На завяршэнне паслання ўдзельнікі ватыканскага сходу нагадалі словы Святога Айца пра важнасць умацавання супрацоўніцтва ва ўсіх сферах місіі Касцёла і пра тое, што шлях сінадальнасці – гэта шлях, якога Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя.
 

26 кастрычніка 2023, 09:29