Сінод: кітайскія біскупы вярнуліся дадому
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Біскупы Антоніа Яо Шунь з дыяцэзіі Цзінін і Джузэпэ Ян Юнцян з дыяцэзіі Чжоуцунь пайшлі па слядах двух кітайскіх іерархаў, якія таксама заўчасна пакінулі асамблею на тэму моладзі ў 2018 годзе.
Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні на пытанне журналістаў аб прычынах іх ад’езду патлумачыў, што рашэнне было выклікана “душпастырскімі прычынымі”, звязанымі з неабходнасцю іх прысутнасці ў дыяцэзіях.
Знаходзячыся ў Італіі, абодва біскупы разам з Біскупам Ганконга, кардыналам Стывенам Чоў, наведалі Неапаль. Там ў нядзелю 8 кастрычніка 2023 года яны цэлебравалі святую Імшу ў касцёле Sacra Famiglia dei Cinesi. Гэты храм, пабудаваны ў 1732 годзе, быў часткай каледжа, заснаванага папам Кліментам XII з місіяй падрыхтоўкі кітайскіх семінарыстаў і навучання кітайскай мове місіянераў, якія павінны былі дапамагаць у евангелізацыі Кітая.
Кітайскія біскупы ахвяравалі касцёлу рэліквіі святога Пола Ву Ваньшу, 16-гадовага мучаніка, забітага за веру падчас так званага Баксёрскага паўстання ў 1900 годзе.
Біскуп Ян таксама ўдзельнічаў у сінадальнай пілігрымцы ў рымскія катакомбы, якая адбылася 12 кастрычніка 2023 года. У інтэрв’ю Pope ён назваў гэта “глыбокім досведам убачыць на ўласныя вочы тое, з чаго пачынаўся Касцёл”.