Сінод: гандляры зброяй павінны ўзгадаць пра чалавечнасць
Марыя Валодзіна - Pope
У Ватыкане працягваецца Сінод Біскупаў па сінадальнасці. 19-20 кастрычніка 2023 года прайшлі трынаццатая і чатырнаццатая генеральныя кангрэгацыі, на якіх прысутнічалі адпаведна 341 і 343 удзельнікі. Яны абмяркоўвалі модуль B3 Instrumentum laboris на тэму Удзел, адказнасць і ўлада.
Улада – гэта не панаванне, а служэнне
Як патлумачыў Паола Руфіні, было пацверджана абавязацельства "пазбягаць аўтарытарызму" і ўспрымаць "уладу не як панаванне, а як служэнне". Чалавек, які валодае ўладай, “павінен не кантраляваць усё, а валодаць здольнасцю дэлегаваць паўнамоцтвы". Біскуп "мае апошняе слова, але не адзінае", - казалі ўдзельнікі Сінода.
Яны абмеркавалі таксама ролю пастыраў у служэнні бедным, мігрантам і бежанцам, а таксама тым, хто пакутуе на вуліцах. Акрамя таго, удзельнікі Сінода прызналі, што біскупы павінны заклікаць да навяртання сэрцаў тых, хто займаецца гандлем зброяй, спрыяючы тым самым вядзенню трэцяй сусветнай вайны, якая прычыняе пакуты мільёнам людзей.
Сумесная адказнасць у Касцёле
Па словах Паола Руфіні, у сінадальных прамовах часцей за ўсё сустракаецца выраз сумесная адказнасць, якая разумеецца як удзел і каардынацыя пакліканняў.
Прэфект удакладніў таксама колькасць удзельнікаў Сінода: разам з Папам іх 365. Калі да іх дадаць яшчэ каля ста чалавек, якія ўдзельнічаюць “рознымі іншымі спосабамі”, то агульная колькасць складае 464 чалавекі. Прымаючы рашэнне аб тым, каму даць слова, Генеральны сакратарыят аддае перавагу ўдзельнікам, якія яшчэ не карысталіся такой магчымасцю.
Сакратар Інфармацыйнай камісіі Сінода Шэйла Пірэс паведаміла, што сярод удзельнікаў былі тыя, хто перасцерагаў ад клерыкалізму, нават сярод свецкіх, таму што ён "прыводзіць да злоўжыванняў уладай і сумленнем, эканамічных і сексуальных". Злоўжыванні ж прывялі да таго, што Касцёл "страціў давер" настолькі, што спатрэбіўся "механізм кантролю". Сінадальнасць "можа дапамагчы прадухіліць злоўжыванні, таму што гэта працэс, які звязаны са слуханнем і дыялогам", - казалі ў сваіх прамовах удзельнікі.
Неабходныя рэформы
Што тычыцца рэформаў, то гаворка ішла пра змены, неабходных для дасягнення большай празрыстасці ў фінансавых і эканамічных структурах, пра перагляд кананічнага права, а таксама некаторых касцёльных тытулаў, якія сталі анахранічнымі. Была адзначана настойлівая неабходнасць умацавання існуючых структур, такіх як пастырскія рады, але з асцярожнасцю, каб не паддацца парламентарызму.
Нарэшце, Шэйла Пірэс паведаміла, што асабліва востра стаіць пытанне аб прысутнасці Касцёла побач з маладымі людзьмі ў лічбавым асяроддзі. Гэта сапраўдная місія ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца на далёкай перыферыі. Насамрэч, гаворка ідзе пра знаёмства з моладдзю там, дзе яна ўжо прысутнічае – у сацыяльных сетках, - удакладніла сакратар Інфармацыйнай камісіі Сінода.