ҽ

Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння  

Сакрамэнты для разведзеных: дыкастэрыя адказала кардыналу

На сайце Дыкастэрыі веравучэння з’явіўся адказ на шэраг пытанняў кардынала Дамініка Дукі, арцыбіскупа-эмерыта Пражскага, адносна пункта адгартацыі Amoris laetitia, які датычыць магчымасці святой Камуніі для разведзеных, што жывуць у новых саюзах.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Апостальская адгартацыя Папы Францішка Amoris laetitia адкрывае магчымасць доступу да сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі, калі ў асобным выпадку “існуюць абмежаванні, якія змякчаюць адказнасць і віну”.

Варта прыняць да ўвагі, гаворыцца ў Дыкастэрыі, што гэта працэс суправаджэння, які “неабавязкова вычэрпваецца сакрамэнтамі, але можа быць накіраваны на іншыя формы інтэграцыі ў жыццё Касцёла”. Тут гаворка ідзе пра “большую прысутнасць у супольнасці, удзел у малітоўных ці медытацыйных групах, удзел у рознага роду касцёльным служэнні”. Гэта рэалізацыя via caritatis, якая з’яўляецца не чым іншым, як запрашэннем ісці шляхам Езуса – “шляхам міласэрнасці і інтэграцыі”.

Францішак падтрымлівае прапанову поўнага ўстрымання для разведзеных і паўторна жанатых, але прызнае, што могуць узнікнуць цяжкасці ў яе ажыццяўленні

Amoris laetitia грунтуецца на “Настаўніцтве папярэдніх Біскупаў Рыма, якія ўжо прызнавалі магчымасць для разведзеных у новых саюзах мець доступ да Эўхарыстыі”, пры ўмове, што яны абавязваюцца “жыць у поўнай абстыненцыі” ад дзеянняў, характэрных сужэнцам.

Францішак падтрымлівае “прапанову поўнага ўстрымання для разведзеных і паўторна жанатых, але прызнае, што могуць узнікнуць цяжкасці ў яе ажыццяўленні, і таму дазваляе ў некаторых выпадках, пасля належнай праніклівасці, удзяляць сакрамэнт паяднання, нават калі хтосьці не захоўвае вернасці да ўстрымання, прапанаванага Касцёлам”.

У гэтым сэнсе магчыма, нават “пажадана, каб дыяцэзіяльны біскуп устанавіў пэўныя крытэрыі, якія, згодна з навучаннем Касцёла, могуць дапамагчы святарам у суправаджэнні і распазнанні разведзеных асоб, якія знаходзяцца ў новым саюзе”.

 

“Святар прымае чалавека, уважліва яго слухае і паказвае яму матчыны твар Касцёла, прымаючы яго правільны намер і добрую пастанову паставіць усё сваё жыццё ў святле Евангелля і практыкаваць міласэрную любоў”

У серыі пытанняў кардынал Дука спаслаўся на тэкст біскупаў пастырскай акругі Буэнас-Айрэса і спытаў, ці можна лічыць адказы папы Францішка на пытанні душпастырскага дэпартамента той жа дыяцэзіі выказваннем у рамках звычайнага касцёльнага магістэрыя. Дыкастэрыя сцвярджае, што два згаданыя дакументы трэба лічыць аўтэнтычным Настаўніцтвам.

Адказваючы на пытанне кардынала Дукі аб тым, хто павінен ацэньваць сітуацыю, у якой знаходзяцца такія пары, Дыкастэрыя падкрэсліла, што гаворка ідзе пра пачатак працэсу душпастырскай падтрымкі, каб распазнаць сітуацыю кожнага асобнага чалавека. Святар, як гаворыцца, “прымае чалавека, уважліва яго слухае і паказвае яму матчыны твар Касцёла, прымаючы яго правільны намер і добрую пастанову паставіць усё сваё жыццё ў святле Евангелля і практыкаваць міласэрную любоў”.

Кожны чалавек “паасобку пакліканы паставіць сябе перад Богам і адкрыць перад Ім сваё сумленне са сваімі магчымасцямі і абмежаваннямі”. Гэта сумленне, асвечанае ўказаннямі Касцёла, праз суправаджэнне святара “заклікана фарміравацца такім чынам, каб ацаніць і вынесці меркаванні, дастатковыя для таго, каб распазнаць магчымасць доступу да сакрамэнтаў”.

“Праблема ўзнікае ў больш складаных сітуацыях, у якіх немагчыма атрымаць прызнанне несапраўднасці””

Адказваючы на пытанне, ці мэтазгодна, каб такія справы разглядаў кампетэнтны касцёльны суд, Дыкастэрыя адзначыла, што ў сітуацыях, калі можа быць устаноўлены факт прызнання несапраўднасці, часткай працэсу распазнання стане зварот у касцёльны суд.

Праблема, як адзначаецца, “узнікае ў больш складаных сітуацыях, у якіх немагчыма атрымаць прызнанне несапраўднасці”. У гэтых выпадках таксама магчымы “працэс распазнання, які стымулюе або аднаўляе асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом, у тым ліку ў сакрамэнтах”.

Паколькі гэта працэс індывідуальнага распазнання, разведзеныя людзі, якія ўступілі ў новы саюз, павінны задаць сабе некалькі пытанняў, каб вывучыць сваю адказнасць і спытаць сябе, як яны паводзілі сябе адносна “сваіх дзяцей, калі сужэнскі саюз увайшоў у крызіс; ці былі спробы прымірэння; якая сітуацыя кінутага партнёра; якія наступствы новыя адносіны маюць для астатніх членаў сям'і і супольнасці вернікаў”.
 

04 кастрычніка 2023, 10:47