ҽ

Падчас перадсінадальных рэкалекцый у Сакрафана Падчас перадсінадальных рэкалекцый у Сакрафана 

Кардынал: перадсінадальныя рэкалекцыі разагрэлі супольнасць

Кардынал Крыстаф Шонбарн адзначыў вялікую карысць трохдзённых рэкалекцый для ўдзельнікаў генасамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Дзякуючы духоўным практыкаванням некалькі сотняў удзельнікаў, якія прыбылі ў рэкалекцыйны цэнтр у Сакрафана каля Рыма, змаглі пазнаёміцца паміж сабой – такая духоўная прэлюдыя сама па сабе стала "паспяховай”, - сказаў арцыбіскуп Венскі ў інтэрв’ю Pope.

Аўстрыйскі іерарх, які восьмы раз удзельнічае ў Сінодах Біскупаў у Рыме, заклікаў да таго, каб і будучым пасяджэнням папярэднічалі такія рэкалекцыі.

“Многія з нас не былі знаёмыя асабіста. Гэты разагрэў супольнасці прынёс вялікую карысць”, - сказаў кардынал. “Звычайна людзі, якія збіраюцца з усіх куткоў свету, знаёмяцца адно з адным непасрэдна падчас Сінода ў Рыме. На гэты раз мы маглі перажыць гэта раней”, - дадаў ён.

Другая, па словах Шонбарна, “вельмі важная перавага” – яснае духоўнае ўступленне ў разважанні на асамблеі. “Сінод – гэта не проста працоўнае пасяджэнне, але сапраўды духоўны працэс”, - запэўніў арцыбіскуп Венскі.

На яго думку, два духоўныя кіраўнікі падчас рэкалекцый – італьянская бенедыктынка Ігнацыя Анджэліні і дамініканец Цімаці Рэдкліф – выканалі сваю працу “цудоўна”. “Гэта было духоўнае, з гумарам і любоўю ўвядзенне ў тэмы і стаўленне, якімі мы можам і павінны жыць разам у гэтыя дні, на працягу трох тыдняў Сінода”, - заключыў кардынал Шонбарн, які з’яўляецца чальцом Рады бягучага Сінода.

У генасамблеі, якая працягнецца да 29 кастрычніка 2023 года, прымаюць удзел каля 450 дэлегатаў – біскупаў, святароў, свецкіх вернікаў, тэолагаў і манахаў, накіраваных мясцовымі Касцёламі і прызначаных Папам. Упершыню па рашэнні Святога Айца аж чвэрць складаюць небіскупы, у тым ліку свецкія, святары, дыяканы і манахі. Упершыню некансэкраваныя вернікі атрымаюць права голасу. У адпаведнасці з рашэннем Францішка, працэс праходзіць без удзелу СМІ.
 

05 кастрычніка 2023, 09:15