Кардынал Паралін агучыў пазіцыю Святога Пасаду па Блізкім Усходзе
Андрэа Тарніелі, Рабэрта Чэтэра / Пераклад і адаптацыя Аляксандр Панчанка – Pope
“Святы Пасад, як заўсёды, гатовы да любога неабходнага пасярэдніцтва”, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю ватыканскім СМІ. Ён назваў тэрарыстычны напад на Ізраіль, здзейснены ў мінулую суботу, “бесчалавечным”, і паўтарыў заклік Папы Францішка аб вызваленні ўсіх закладнікаў, якія знаходзяцца ў палоне ў ХАМАС. Кардынал заклікаў да захавання прынцыпу суразмернасці ў праве Ізраіля на самаабарону, выказваючы занепакоенасць адносна ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў выніку бамбардзіровак Газы. Пры ўсім, што адбываецца, для дасягнення па-сапраўднаму справядлівага міру неабходна прыйсці да рашэння аб дзвюх дзяржавах, “якое дазволіць палестынцам і ізраільцянам жыць бок аб бок, у міры і бяспецы”.
Ваша Эмінэнцыя, любыя канфлікты жудасныя. Аднак раніцай мінулай суботы мы ўбачылі пастаяннае нарастанне беспрэцэдэнтнай жорсткасці і сталі сведкамі поўнай страты чалавечнасці. На вашу думку, ці існуе яшчэ магчымасць пазбегнуць горшага?
Тэрарыстычны напад, учынены ХАМАС і іншымі баевікамі ў мінулую суботу супраць тысяч ізраільцян, якія збіраліся адзначыць дзень Сімхат Тора, у канцы тыдня Свята кушчаў, бесчалавечны. Апостальская Сталіца выражае сваё поўнае і рашучае асуджэнне. Акрамя таго, мы непакоімся за мужчын, жанчын, дзяцей і пажылых людзей, якія сталі закладнікамі ў Газе. Мы выказваем блізкасць пацярпелым сем’ям, пераважная большасць з якіх – яўрэі, мы молімся аб іх, аб тых, хто да гэтага часу знаходзіцца ў шокавым стане, аб параненых. Трэба вярнуцца да здаровага сэнсу, адмовіцца ад сляпой логікі нянавісці і адхіліць гвалт як вырашэнне праблемы. Той, хто падвергся нападу, мае права абараняцца, але пры гэтым законная самаабарона павінна адпавядаць крытэрыю суразмернасці. Я не ведаю, наколькі магчымы дыялог паміж Ізраілем і баевікамі ХАМАСа, але – калі ён магчымы, і будзем спадзявацца, што гэта так, – яго трэба пачаць неадкладна. Ён неабходны, каб пазбегнуць новага кровапраліцця, як гэта адбываецца ў Газе, дзе ў выніку нападаў ізраільскага войска гіне шмат нявінных грамадзянскіх.
Папа Францішак заяўляе, што мір будуецца на справядлівасці, і не існуе “несправядлівага” міру. У чым сёння заключаецца дадзенае патрабаванне справядлівасці для абодвух бакоў канфлікту?
Мір можа быць пабудаваны выключна на справядлівасці. Рымляне любілі казаць: Opus iustitiae pax, не існуе міру паміж людзьмі без справядлівасці. Я мяркую, што найбольшай магчымай справядлівасцю на Святой Зямлі з’яўляецца рашэнне аб дзвюх дзяржавах, якое дазволіць палестынцам і ізраільцянам жыць бок аб бок, у міры і бяспецы, адпавядаючы памкненням большасці з іх. Гэта рашэнне, прадугледжанае міжнароднай супольнасцю, апошнім часам падаецца некаторым – як з аднаго, так і з другога боку – ужо няздзейсным; для іншых яно ніколі не было такім. Апостальская Сталіца пераканана ў адваротным і працягвае яго падтрымліваць. Аднак, што ж справядліва ў цяперашні момант? Справядліва неадкладнае вяртанне закладнікаў, у тым ліку тых, якіх ХАМАС утрымлівае з часоў мінулых канфліктаў. У гэтым сэнсе я рашуча падтрымліваю моцны заклік, з якім Святы Айцец выступіў і які паўтарыў у апошнія дні. Справядліва, каб Ізраіль, ажыццяўляючы законную самаабарону, не падвяргаў небяспецы палестынскае грамадзянскае насельніцтва ў Газе. Справядліва, і я б сказаў, неабходна, каб у гэтым канфлікце, як і ў любым іншым, цалкам паважалася гуманітарнае права.
На заканчэнне аўдыенцыі ў мінулую сераду Папа Францішак выступіў з заклікам вызваліць закладнікаў і пашкадаваць жыццё нявінных. Ці бачыце Вы магчымасць для дыпламатычнай ініцыятывы з боку Апостальскай Сталіцы, падобнай да той, якая была зроблена ў дачыненні да канфлікту паміж Расіяй і Украінай?
Так, вызваленне ізраільскіх закладнікаў і абарона жыцця нявінных людзей у Газе знаходзяцца ў цэнтры праблемы, выкліканай нападам ХАМАС і дзеянняў ізраільскай арміі ў адказ. Яны з’яўляюцца асноўным прадметам клопату для ўсіх нас, Папы і ўсёй міжнароднай супольнасці. Апостальская Сталіца, як заўсёды, гатова да любога неабходнага пасярэдніцтва. У той жа час яна імкнецца да адносін з тымі структурамі, чые каналы ўжо адчыненыя. Аднак любое пасярэдніцтва, накіраванае на спыненне канфлікту, павінна ўлічваць шэраг элементаў, якія робяць гэтую праблему вельмі складанай і шматграннай, як, напрыклад, пытанне ізраільскіх паселішчаў, бяспекі, а таксама пытанне Іерусаліма. Рашэнне можа быць знойдзена ў прамым дыялогу паміж палестынцамі і ізраільцянамі пры падтрымцы і садзейнічанні міжнароднай супольнасці, нават калі зараз ён будзе вельмі цяжкім.
У двух нядаўніх інтэрв’ю газеце L'Osservatore Romano Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас і Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг выказалі ўдзячнасць за пастаянныя мірныя словы, якія гучаць з боку хрысціянскай меншасці на Святой Зямлі, што з’яўляецца “соллю” гэтай зямлі. Аднак хрысціяне прыгнечаныя гэтым канфліктам, яны пакутуюць. Выклікае занепакоенасць становішча малой хрысціянскай супольнасці ў Газе, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Чым менавіта зараз можна дапамагчы хрысціянам Святой Зямлі?
Найперш, малітвай, духоўнай блізкасцю і матэрыяльнай дапамогай. Гэтымі словамі я хачу яшчэ раз засведчыць сардэчную блізкасць Папы і Апостальскай Сталіцы. Хрысціяне – неад’емная часткай зямлі, на якой нарадзіўся, жыў, памёр і ўваскрос Езус. Ніхто не можа ўявіць сабе Палестыну ці Ізраіль без хрысціянскай прысутнасці, якая была там першапачаткова і застанецца назаўжды. Гэта праўда, зараз невялікая каталіцкая супольнасць ў Газе – прыкладна 150 сем'яў – вельмі пакутуе. А калі пакутуе адзін член, пакутуе і ўвесь Касцёл, гэта значыць пакутуем усе мы. Мы ведаем, што яны сабраліся ў парафіі, а пробашч не можа туды вярнуцца, застаючыся ў Віфлееме. Усё замерла, усё паралізавана, нібы ў цісках страху і гневу. Мы молімся аб ізраільцянах, молімся аб палестынцах, мы молімся аб хрысціянах, юдэях і мусульманах: “Прасіце міру для Ерусалема. (…) Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх, скажу я: Мір табе. Дзеля дома Пана, Бога нашага, буду жадаць дабра табе” (Пс 121, 6-9).