ҽ

Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media )

Спецыяльны сакратар Сінода пра эвалюцыю асамблеі

Напярэдадні адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў ксёндз Джакама Коста, спецыяльны сакратар пасяджэння, на старонках L’Osservatore Romano нагадаў пра асноўныя этапы эвалюцыі Сінода.

Аляксандр Панчанка – Pope

Сінод Біскупа быў заснаваны ў 1965 годзе па ініцыятыве Паўла VI, які ў motu proprio пад назвай Apostolica sollicitudo, акрэсліў яго як “пастаянную раду біскупаў для паўсюднага Касцёла”. Стварэнне гэтага органу было адказам на дыскусіі аб калегіяльнасці, якія вяліся падчас Другога Ватыканскага Сабора, на той час яшчэ не завершанага. Павел VI усведамляў, што Сінод Біскупаў будзе змяняцца з часам, таму пісаў: “Як кожная людская ўстанова, з цягам часу ён можа ўдасканальвацца”.

Эвалюцыя Сінода адбывалася паралельна з паступовым засваеннем рашэнняў Сабора, у прыватнасці эклезіялагічнага бачання, якое тычыцца адносін паміж Божым народам, Калегіяй біскупаў і Біскупам Рыма. На гэты аспект звяртаў увагу Францішак з нагоды 50-годдзя Сінода Біскупа, якое адзначалася ў 2015 годзе. Пантыфік пісаў, што “сінадальны Касцёл – гэта Касцёл слухання (...), узаемнага слухання, у якім кожны можа нечаму навучыцца. Верны люд, Калегія біскупаў, Біскуп Рыма: адзін слухае іншага; і ўсе слухаюць Святога Духа”.

Важнай вяхой у працэсе ўдасканалення Сінода стала Апостальская канстытуцыя Episcopalis communio, выдадзеная Францішкам у 2018 годзе. У ёй Сінод быў акрэслены не як асобны сход біскупаў для вырашэння канкрэтнага пытання, але як працэс, што мае некалькі фаз, і ў якім пакліканы браць удзел увесь Касцёл. Менавіта ў такім ключы з 2021 па 2024 год праходзіць Сінод аб сінадальнасці, які прадугледжвае дыялог на розных узроўнях: ад мясцовага (парафіяльнага і дыяцэзіяльнага) да кантынентальнага і, нарэшце, паўсюднага, які распачнецца 4 кастрычніка ў Ватыкане.

Ксёндз Джакама Коста нагадаў, што эклезіяльная дынаміка на кантынентальным узроўні, натхнёная Другім Ватыканскім Саборам, які ў дэкрэце Ad gentes сцвярджае: “Таму пажадана, а нават неабходна, каб Канферэнцыі Біскупаў у межах кожнай вялікай соцыякультурнай тэрыторыі аб’ядналіся паміж сабою, каб разам на супольных пасяджэннях рэалізаваць план дастасавання да сучасных умоў” (22).

Святар заўважыў, што апошняя фаза Сінода будзе праходзіць у дзве сесіі, што павінна даць магчымасць больш глыбока вывучыць пытанні і пры неабходнасці нанава звярнуцца да Божага народу. Ён заўважыў, што сінадальны сход захоўвае біскупскі характар, бо тры чвэрці яго ўдзельнікаў з’яўляюцца біскупамі. Да іх дадаюцца святары і дыяканы, законніцы і законнікі, свецкія вернікі, выбраныя сярод тых, хто прымаў актыўны ўдзел у розных этапах сінадальнага працэсу. Іх заданнем будзе сведчанне і захаванне памяці пра асамблею, а прызнаючы важнасць іх служэння, некаторым з іх будзе дадзена слова падчас форума.
 

28 верасня 2023, 10:31