ҽ

Кардынал Матэа Дзупі Кардынал Матэа Дзупі 

Кардынал: трэба з цярплівасцю саткаць тканіну, разарваную вайной

Заўсёды неабходна памятаць, хто з’яўляецца агрэсарам, а хто – ахвярай агрэсіі, - падкрэсліў кардынал Матэа Дзупі, спецыяльны пасланнік Папы па пошуку шляхоў міру ва Украіне.

Аляксандр Панчанка – Pope

10-12 верасня 2023 года старшыня епіскапату Італіі прымае ўдзел у міжнароднай сустрэчы пад назвай Адвага міру. Яна была арганізавана ў Берліне каталіцкай дабрачыннай Супольнасцю святога Эгідзія ў супрацоўніцтве з мясцовым Касцёлам і евангелічнымі Цэрквамі. У форуме ўдзельнічаюць лідары галоўных сусветных рэлігій, а таксама дзеячы культуры і палітыкі з 40 краін свету.

На палях сустрэчы журналісты спыталіся ў кардынала Дзупі пра мірную місію, даручаную яму Папам, у рамках якой ён ужо адведаў Украіну, Расію і ЗША. Іерарх патлумачыў, што надалей прыкладаюцца намаганні на карысць “справядлівага і бяспечнага міру”, з падключэннем “тых, хто адыгрывае важную ролю ў гэтым”, напрыклад Кітаю, куды ён плануе паехаць. Роля гэтай краіны, на яго думку, “магчыма з'яўляецца найважнейшай”.

Кардынал падкрэсліў, што мір патрабуе намаганняў усіх, але “ніколі не можа быць навязаны кімсьці”. “Гэта павінен быць мір, абраны ўкраінцамі, з гарантыямі, абавязацельствамі і высілкамі з боку ўсіх”, - дадаў ён.

Іерарх адзначыў, што “хмары” над адносінамі паміж Святым Пасада і Кіевам, якія згусціліся пасля палемікі вакол слоў Папы да расійскай моладзі, “развеюцца і іх можна зразумець у такой напружанай сітуацыі”. На яго думку, украінскія ўлады і народ добра ведаюць пра “падтрымку, якую Касцёл і Папа заўсёды аказвалі ім у іх пакутах”.

Кардынал згадаў пра “крэатыўны мір”, да якога заклікае Святы Айцец, падкрэсліваючы, што часам шляхі міру з’яўляюцца “непрадбачанымі, яны патрабуюць заахвочвання ўсіх і вялікага саюзу на карысць міру, каб падштурхоўваць рухацца ў адным напрамку”.

Адказваючы на крытычныя заўвагі адносна неэфектыўнасці і павольнасці дыпламатычных намаганняў, іерарх заўважыў, што “калі нічога не рабіць, тады не будзе правалаў, але і не будзе нічога рабіцца, таму заўсёды лепш спрабаваць”. Кардынал Дзупі перакананы, што “мір павінен прыйсці неадкладна, але яшчэ лепш – калі ён будзе станам, у якім жыве чалавек”. Неабходна цярплівасць, “каб саткаць і аднавіць тканіну, разарваную падзеламі, гвалтам, вайной і несправядлівасцю”, - дадаў арцыбіскуп Балонскі.
 

12 верасня 2023, 10:24