ҽ

Цырымонія пасадкі аліўкавага дрэва з удзелам Францішка, Барталамея I, Шымона Перэса і Махмуда Абаса Цырымонія пасадкі аліўкавага дрэва з удзелам Францішка, Барталамея I, Шымона Перэса і Махмуда Абаса 

Галахер: вітаем усе ініцыятывы па дасягненні міру ў Святой Зямлі

Мір на Блізкім Усходзе прынёс бы карысць усёй міжнароднай супольнасці, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, выступаючы 18 верасня 2023 года на мерапрыемстве высокага ўзроўню ў рамках 78-й Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Pope

Святы Пасад заўсёды з асаблівай увагай сачыў за сітуацыяй, якая складваецца на тэрыторыях, дзе сёння размешчаны Ізраіль і Палестына. Ён цвёрда перакананы ў тым, што мір паміж ізраільцянамі і палестынцамі прынёс бы карысць усёй міжнароднай супольнасці. Таму ён вітае любую мірную ініцыятыву, якая ўлічвала б інтарэсы мясцовага насельніцтва і законныя патрабаванні як Ізраіля, так і Палестыны, - зазначыў Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Сумна адзначаць, што ізраільска-палестынскі канфлікт усё яшчэ стаіць на павестцы дня праз 30 гадоў пасля падпісання ў Осла пагадненняў пра магчымыя шляхі стварэння дзвюх дзяржаў для двух народаў, - сказаў ватыканскі дыпламат, нагадаўшы пра тое, што Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Ізраілем (з 1993 года), Іярданіяй (з 1994 года) і Палестынай (з 2012 года).

Цэнтральным спрэчным пытаннем, якое неабходна вырашыць для дасягнення стабільнага і трывалага міру, з'яўляецца пытанне аб статусе Іерусаліма, вельмі важнага для хрысціян, яўрэяў і мусульман. Святы Пасад разглядае Іерусалім не як месца канфрантацыі і падзелу, а як месца сустрэчы, дзе хрысціяне, іўдзеі і мусульмане маглі б жыць разам у павазе адзін да аднаго. Любыя акты нецярпімасці павінны быць адназначна асуджаныя, пераследвацца па законе і прадухіляцца з дапамогай выхавання ў духу братэрства, - заявіў арцыбіскуп Галахер.

Ён заклікаў прызнаць Іерусалім "горадам сустрэчы", які ахоўваецца спецыяльным статусам, прынятым на міжнародным узроўні. Той, хто кіруе Іерусалімам, павінен прытрымлівацца такіх прынцыпаў, як роўныя правы і абавязкі вернікаў трох монатэістычных рэлігій, абсалютную гарантыю свабоды веравызнання і павага да рэжыму Status Quo там, дзе ён ужываецца.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Францішка да дыялогу паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Ён нагадаў пра сустрэчу тагачаснага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса і кіраўніка Палесціны Махмуда Абаса, якая прайшла ў 2014 годзе ў Ватыкане. Палітычныя лідары разам з Францішкам пасадзілі аліўкавае дрэва, як сімвал надзеі на мір. З тых часоў падобных сустрэч на высокім узроўні не праводзілася.

"Аднак мы працягваем паліваць тое аліўкавае дрэва, чакаючы, калі прэзідэнты абедзвюх дзяржаў у суправаджэнні сваіх урадаў прыедуць, каб сабраць плён міру”, - сказаў напрыканцы сваёй прамовы Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

19 верасня 2023, 12:35