Арцыбіскуп Палья: патрэбны духоўны падыход да прадуктаў харчавання
Аляксандр Панчанка – Pope
24 жніўня 2023 года старшыня Папскай акадэміі жыцця прыняў удзел у канферэнцыі на тэму харчовай бяспекі, арганізаванай лацінаамерыканскім аддзяленнем Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (FAO) у сталіцы Чылі, горадзе Сант’яга. Іерарх выступіў з прамовай на тэму Прадухіліць і зменшыць страты і марнаванне прадуктаў у кантэксце харчовай бяспекі: міжсектарны выклік.
Арцыбіскуп Палья заўважыў, што харчовыя адкіды ў Лацінскай Амерыцы складаюць толькі 6 працэнтаў ад агульнасусветнай колькасці, але ў той жа час у гэтай частцы свету ад недаядання пакутуе каля 47 мільёнаў чалавек. Кожны год выкідаецца ў сярэднім 69 кілаграмаў ежы на чалавека.
У прыватнасці іерарх згадаў пра трагічную сітуацыю з голадам на Гаіці. “Я наведваў трушчобы Порт-о-Прэнса і сустракаў людзей, апухлых ад нездаровай ежы або знясіленых ад хранічнага недаядання. Як можна працягваць рабіць выгляд, быццам нічога не здараецца, цярпець гэта, не рабіць нічога?”, - прапанаваў задумацца ён.
Старшыня Папскай акадэміі жыцця адзначыў важнасць змены парадыгмы ў адносінах да ежы. “Мы больш не можам дазволіць сабе падыходзіць да пытання харчавання з чыста эканамічнай і рынкавай логікі”, - сказаў ён, дадаючы, што эканамічная структура, якая ляжыць у аснове вытворчасці і размеркавання прадуктаў харчавання, не павінна “разглядацца як канчатковая мэта, але як сродак служэння жыццю людзей і пабудове справядлівага грамадства”.
Арцыбіскуп нагадаў словы Папы, які ў пасланні з нагоды Сусветнага дня харчавання 2021 года сцвярджаў, што “барацьба з голадам патрабуе ад нас пераадолення халоднай логікі рынку, якая заўсёды засяроджана на адной толькі эканамічнай выгадзе і звядзенні прадуктаў харчавання выключна да тавару, патрабуе ад нас умацавання логікі салідарнасці”. Ён заклікаў да сацыяльнай адказнасці ў эканамічнай сферы, да разумення ўзаемасувязі паміж суб’ектамі, да клопату пра людзей і свет.
Ватыканскі іерарх прапанаваў тры напрамкі працы ў гэтай сферы. Па-першае неабходна раскрыць поўныя дадзеныя аб харчовых адкідах, а таксама “лічбы, якія ўказваць на сацыяльную вагу гэтай з’явы”, такія як “колькасць патрачаных марна чалавека-гадзін, або энергетычныя выдаткі на дзейнасць, не даведзеную да канца”, што мае немалаважнае значэнне.
Па-другое, вырашэнне праблемы патрабуе аб’ядання ўсіх ўдзельнікаў харчовага ланцуга, бо “з харчовымі адкідамі можна змагацца толькі маючы агульны погляд на рэальнасць”.
Па-трэцяе, неабходна культурная змена – “патрэбны адказны, нават духоўны падыход” да ежы. Іерарх спаслаўся на даследаванні, якія паказваюць, што “ключавым крокам для скарачэння марнавання прадуктаў харчавання з’яўляецца выхаванне, што дазволіць змяніць шкодныя хатнія звычкі”. “Калі чалавек усведамляе годнасць і дабрыню свае, сваіх блізкіх і даброт, якімі валодае, тады ён менш выкідае і робіць з харчавання глыбока чалавечае дзеянне”, - сказаў арцыбіскуп Палья.