Ватыканскія канікулы ў духу дона Боска
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Гаворка ідзе не толькі пра адпачынак, але пра тое, каб дзяцей нечаму навучыць за гэты час і, перш за ўсё, у працэсе розных гульняў і заняткаў даць кожнаму адчуць, што Езус – іх сябар, - растлумачыў ксёндз Франка Фатана, настаяцель салезіянскай супольнасці ў Ватыкане.
Летнія лагеры, часта арганізаваныя парафіямі, з'яўляюцца папулярным і неабходным рашэннем у Італіі. З прычыны спёкі школьныя канікулы тут доўжацца тры месяцы, нашмат менш, чым летні адпачынак бацькоў. Ватыкан прапануе летнюю праграму для 250 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў у пяць змен з 3 ліпеня па 4 жніўня 2023 года.
Раніцай дзеці гуляюць на ватыканскіх спартыўных пляцоўках. Затым, калі спякота становіцца небяспечнай, яны ідуць у Залу Паўла VI, палова крэслаў у якой была прыбрана, каб стварыць месца для гульняў і заняткаў. У яе атрыуме арганізавалі імправізаваную сталоўку.
Дзецьмі займаюцца ксяндзы-салезіяне і сёстры-салезіянкі, а таксама 35 аніматараў – часта дзеці ватыканскіх работнікаў старэйшыя за 13 гадоў. Яны ў мінулым удзельнічалі ў такіх салезіянскіх летніках у Ватыкане, а цяпер, як валанцёры, дапамагаюць у іх арганізацыі.
Сёлетні дэвіз – Bee heroes – гераічныя пчолы. Спасылаючыся на свет пчол, салезіяне хочуць навучыць дзяцей братэрству і супольнаму жыццю. “Мы спрабуем мабілізаваць падлеткаў падумаць над тым, як мы можам змяніць сваё стаўленне і лад мыслення. Дзякуючы каманднай гульні, прыслухоўваючыся да парад вядомых трэнераў, нашы гульцы змагаюцца на полі, каб перамагчы ў адной вялікай задачы – усвядоміць, што ўсе мы браты”, - патлумачыў ксёндз Фатана.
Прысутнасць 250 дзяцей, безумоўна, не можа застацца незаўважанай Пантыфікам, таму што Зала Паўла VI знаходзіцца побач з Домам святой Марты, яго рэзідэнцыяй. Францішак штогод наведвае іх. Сёлета арганізатары чакаюць яго на наступным тыдні.