ҽ

Францішак з пажылой жанчынай. Ілюстрацыйнае фота Францішак з пажылой жанчынай. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Поўны адпуст да Дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей

Апостальская пэнітэнцыярыя, па просьбе кардынала Кэвіна Джозэфа Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, удзяліла поўны адпуст з нагоды ІІІ Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён распаўсюджваецца на ўсіх вернікаў, якія ў духу пакаяння і міласэрнасці прымуць удзел 23 ліпеня 2023 года ва ўрачыстай цэлебрацыі, якую Святы Айцец Францішак узначаліць у ватыканскай базіліцы, або ў розных мерапрыемствах, якія адбудуцца па ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня. Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы. Яго ўмовы звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная камунія і малітва ў інтэнцыях Вярхоўнага Пантыфіка. 

Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія ў гэты Дзень прысвецяць адпаведную колькасць часу, каб асабіста або віртуальна праз сродкі камунікацыі наведаць пажылых братоў і сясцёр, што знаходзяцца ў патрэбе ці ў цяжкасцях.

Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць яго тры абавязковыя ўмовы хворымі пажылымі людзьмі і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцый па тэлебачанні і радыё, а таксама ў новых сродках камунікацыі.

Апостальская пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў даць шырокую магчымасць вернікам скарыстацца сакрамэнтам паяднання.

05 ліпеня 2023, 12:25