Нунцый і старшыня епіскапату ЗША пра місію кардынала Дзупі
Марыя Валодзіна - Pope
17-19 ліпеня 2023 года пасланнік Святога Айца наведаў сталіцу ЗША, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Джозэфам Байдэнам. Сваім пунктамам гледжання на гэты візіт падзяліліся ў інтэрв'ю Pope арцыбіскупы Цімаці Броліа і Крыстаф П'ер.
Дыпламатычныя намаганні Святога Пасада
На думку апостальскага нунцыя, місія Папскага пасланніка складаецца ў тым, каб прапанаваць пункт гледжання Каталіцкага Касцёла і Святога Айца на мірную перспектыву вырашэння пытання вайны. Кардынал Дзупі праінфармаваў прэзідэнта ЗША аб сваёй міратворчай дзейнасці ва Украіне і ў Расіі, пра праведзеныя сустрэчы, а таксама пра гатоўнасць Папы ўнесці свой уклад у імкненне да міру.
На думку старшыні амерыканскага епіскапату, сустрэчы ў Вашынгтоне, Кіеве і Маскве з'яўляюцца адным з прыкладаў таго, як Святы Пасад спрабуе ўнесці свой уклад у будаўніцтва міру, або, прынамсі, спрыяць абмеркаванню гэтай праблемы. Ён падкрэсліў, што такія намаганні “ні ў якім разе не азначаюць пасрэдніцтва”. Святы Пасад імкнецца дасягнуць міру і “пакласці канец баявым дзеянням”.
Доўгі абмен поглядамі
Арцыбіскуп Броліа палічыў важным адзначыць, што Байдэн "доўга размаўляў з кардыналам і нунцыем”. Сустрэча доўжылася больш за гадзіну, што “сведчыць пра значэнне, якое прэзідэнт Злучаных Штатаў надаў жэсту Францішка”.
Гуманітарныя пытанні
Нунцый таксама адзначыў, што кіраўнік дзяржавы выказаў сваё задавальненне ініцыятывай Папы, адбыўся доўгі абмен поглядамі, у ходзе якога кардынал Дзупі падкрэсліў, што Касцёл жадае зрабіць свой унёсак, але не мае магчымасці рашаць ўсе праблемы адразу. Ён настойваў на гуманітарным вымярэнні і “жаданні Святога Айца ўсяляк спрыяць вырашэнню праблемы дзяцей, вывезеных з Украіны ў Расію”, - адзначыў дыпламат.
Кардынал праінфармаваў прэзідэнта ЗША аб тым, што праца толькі пачынаецца, на дадзены момант няма вынікаў, але у сваіх паездках ён быў сведкам добрай волі, што дае надзею на вырашэнне праблемы, - заўважыў арцыбіскуп П’ер.
Па словах дыпламата, вайна мае жудасныя для насельніцтва наступствы. “Я маю на ўвазе ўцекачоў, загінулых людзей, траўмы, і асабліва становішча дзяцей. Але дыпламаты, вядома, робяць адзін крок за раз”, - адзначыў нунцый, дадаючы, што менавіта адзін з такіх крокаў робіць кардынал Дзупі, не прэтэндуючы на вырашэнне ўсіх праблем.
На думку старшыні амерыканскага епіскапату, Святы Пасад засяроджвае ўвагу на тым, што ён робіць лепш за ўсё, а менавіта на гуманітарных аспектах, таму гэта было асноўнай тэмай сустрэчы кардынала Дзупі з прэзідэнтам ЗША. “Яны казалі пра гуманітарную дапамогу, пра надзею на тое, што ваенныя дзеянні могуць спыніцца, хоць у цяперашні час гэта здаецца дастаткова нерэальным”, - сказаў арцыбіскуп Броліа.
Касетныя бомбы
На пытанне пра ўжыванне ва Украіне касетных бомб, арцыбіскуп Броліа адказаў, што амерыканскі епіскапат занепакоены магчымай эскалацыяй прымянення гэтай зброі і асуджае яе выкарыстанне: “Мы згодныя з пазіцыяй Святога Пасада ў дачыненні да такога роду зброі”. Касетныя бомбы забіваюць без разбору, іх выкарыстанне стварае небяспеку таго, што будуць параненыя або страцяць жыцці нявінныя людзі, таму, “безумоўна, іх заўсёды варта пазбягаць”, - адзначыў кіраўнік епіскапату ЗША.