ҽ

Кардынал Курт Кох (у цэнтры) падчас цэлебрацыя Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян Кардынал Курт Кох (у цэнтры) падчас цэлебрацыя Нешпараў на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян  (Vatican Media)

Кардынал пра чацвёртую, пяцідзясятніцкую, форму быцця Касцёлам

У сваіх намаганнях па прасоўванні хрысціянскага адзінства Папа робіць большы акцэнт на практычным экуменізме, - звярнуў увагу прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ў інтэрв'ю прадстаўнікам аўстрыйскіх СМІ.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

"Быць разам у дарозе, разам маліцца і разам працаваць” – такая формула Францішка, - адзначыў кардынал Курт Кох. Асабліва важным элементам для яго з’яўляецца экуменізм мучанікаў: “Хрысціяне сёння падвяргаюцца пераследу не таму, што яны праваслаўныя, лютэране ці католікі, а таму, што яны хрысціяне”, менавіта таму кроў, пралітая імі, аб’ядноўвае.

Падчас размовы з журналістамі ў Рыме іерарх распавёў таксама аб працы свайго ведамства і выкліках для экуменізму на Усходзе і Захадзе. У апошнія дзесяцігоддзі стала відавочным, што мара аб вельмі хуткім адзінстве Касцёла на паўсюдным узроўні, якая існавала на пачатку экуменічнага руху, не здзейснілася.

“Мы былі падзеленыя з Цэрквамі Рэфармацыі 500 гадоў, з усходнімі Цэрквамі – 1500 гадоў, і аднавіць раўнавагу за такі кароткі час было, магчыма, занадта вялікай ілюзіяй”, - сказаў кардынал. Тым не менш нельга адмаўляцца ад мэты еднасці, “трэба хутчэй спрабаваць знайсці кансэнсус адносна гэтай мэты і шляхі яе дасягнення”.

Цяпер “з вялікім болем” мы бачым, як вайна ва Украіне падзяляе Праваслаўную Царкву, - прызнаўся Кох. Гэта таксама цяжкасць для экуменізму, бо “мы імкнёмся вярнуць адзінства з Праваслаўнай Царквой, якая сама перажывае моцныя напружанне і падзелы”.

У гэтай сітуацыі Каталіцкі Касцёл павінен быць вельмі асцярожным. “Мы не можам ўмешвацца ў гэты падзел, таму мы павінны быць нейкім чынам нейтральнымі. Але нейтралітэт не азначае абыякавасці, ён азначае імкненне рабіць усё, што ў нашых сілах, каб яны маглі зноў знайсці свой шлях”, - патлумачыў швейцарскі іерарх.

У заходнім экуменізме – вобласці, дзе Каталіцкі Касцёл вядзе каля дванаццаці розных дыялогаў з усімі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі, якія выраслі з Рэфармацыі – ужо існуе кансэнсус па многіх пытаннях, але не адносна сапраўднай мэты экуменізму, - патлумачыў кардынал Кох. Кожная супольнасць мае сваё бачанне адносна таго, што такое Касцёл і адзінства ў ім, і спрабуе дасягнуць сваёй мэты.

Другі галоўны выклік для заходняга экуменізму, на думку кардынала Коха – новы феномен падзелаў у галінах этыкі. “Важна прыйсці да згоды па гэтым пытанні, таму што калі хрысціянскія Цэрквы ў Еўропе не змогуць годна гаварыць у адзін голас па фундаментальных пытаннях чалавечага жыцця і сацыяльнага суіснавання, хрысціянскі голас будзе станавіцца ўсё больш і больш слабым у секулярызаваных грамадствах Еўропы, і гэта, безумоўна, не дапамагае экуменізму”, - адзначыў прэфект дыкастэрыі.

У якасці трэцяга выкліку кардынал Кох назваў хуткі рост евангельскага, пяцідзясятніцкага рухаў. У сувязі з гэтым варта казаць пра “пяцідзясятніцкі характар экуменічнай сітуацыі” або пра чацвёртую форму быцця Касцёлам – пяцідзясятніцкую, разам з праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай.

“Мы вядзём дыялог з усімі, але, вядома, толькі з тымі, хто гэтага хоча”, - сказаў іерарх аб пяцідзясятніках. Многія з іх займаюцца празелітызмам, жадаючы прыцягнуць вернікаў з іншых Цэркваў – каталіцкіх супольнасцей, але таксама гістарычна пратэстанцкіх.

Станоўчае тут тое, што Папа Францішак добра ведае пяцідзясятніцкія рухі і заўсёды запрашае іх прадстаўнікоў на вельмі асабістыя сустрэчы без аніякай агалоскі. “Гэта адчыняе дзверы для далейшага дыялогу”, - растлумачыў кардынал Кох.
 

04 ліпеня 2023, 10:20