ҽ

Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media )

У Ватыкане прадстаўлены Instrumentum laboris Сінода

20 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане быў абнародаваны і прадстаўлены працоўны дакумент і метадалогія першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 года.

Аляксандр Панчанка – Pope

Instrumentum laboris, які складаецца з дзвюх галоўных частак, з’яўляецца плёнам дыяцэзіяльнага і кантынентальнага этапаў сінадальнага шляху Касцёла. Ён стане асновай для дыскусій удзельнікаў кастрычніцкага сходу. Адзначаецца, што тэкст з’яўляецца ўсяго толькі зыходнай кропкай, а не канчатковай. Таксама падкрэсліваецца, што “мэта сінадальнага працэсу – не выдаваць дакументы, а адкрываць гарызонт надзеі”.

Першая частка дакумента – секцыя А – называецца На карысць Касцёла сінадальнага. Цэласны досвед. У ёй абагульняецца сінадальны досвед апошніх двух гадоў і гаворыцца пра спосабы ператварэння ва ўсё больш сінадальны Касцёл.

Другая частка – секцыя В – называецца Камунія, місія, удзел. Тры прыярытэтныя пытанні. Яна ўтрымлівае ў сябе пятнаццаць падпунктаў, прысвечаных тром галоўным праблемам, якія будуць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі падчас першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

У першую чаргу гаворка ідзе пра ўмацаванне “камуніі, якая выпраменьваецца”. Удзельнікі Сінода будуць разважаць над тым, як міласэрнае служэнне і праца на карысць справядлівасці і клопату пра супольны дом могуць умацаваць камунію ў сінадальным Касцёле; як сінадальны Касцёл можа зрабіць больш пераканаўчым абяцанне, згодна з якім “любоў і праўда сустрэнуцца” (Пс 85,11); як сінадальны Касцёл можа лепш спаўняць сваю місію праз абноўленую экуменічную дзейнасць; як распазнаць і сабраць багацці культур і развіць дыялог паміж рэлігіямі ў святле Евангелля.

Наступная серыя пытанняў, якая ўтрымліваецца ў другой секцыі дакумента, датычыць “суадказнасці ў місіі”. Удзельнікі Асамблеі будуць разважаць пра тое “як ісці разам да агульнага ўсведамлення значэння і зместу місій”; што рабіць, каб сінадальны Касцёл быў таксама “місійным Касцёлам”, які служыць; якім чынам Касцёл у наш час можа лепш спаўняць сваю місію праз большае прызнанне і прасоўванне годнасці жанчыны, якая атрымліваецца з хростам; якую ролю ў місійнай перспектыве мае служэнне пасвячаных асоб у яго адносінах да служэнняў усіх ахрышчаных; як абнавіць і прасоўваць служэнне біскупа ў сінадальнага місійнай перспектыве.

Нарэшце, апошняя частка пытанняў, тычыцца “ўдзелу, заданняў адказнасці і ўлады”. Тут у цэнтры ўвагі знаходзяцца пытанні пра тое, як абнавіць служэнне людзей, надзеленых уладай і адказнасцю ў сінадальным місійным Касцёле; якім чынам зрабіць практыкі распазнавання і прыняцця рашэнняў па-сапраўднаму сінадальнымі і адкрытымі на дзейнасць Святога Духа; якія структуры могуць быць развіты, каб умацаваць сінадальны місійны Касцёл; якім чынам наладзіць моманты сінадальнасці і калегіяльнасці ў мясцовых Касцёлах; як умацаваць інстытут Сінода, каб ён быў выразам біскупскай калегіяльнасці ўнутры сінадальнага Касцёла.

У дакуменце звяртаецца ўвага на вялікае мноства актуальных праблем, якія стаяць перад светам і Касцёлам, а таксама гучыць прапанова ўключыцца ў пошук пераадолення гэтых крызісаў у духу камуніі, місіі і ўдзелу.
 

20 чэрвеня 2023, 14:30