ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: абараняць жыццё кожнага мігранта

Праяўляць максімальную павагу да годнасці і абараняць жыццё кожнага мігранта заклікаў у ААН прадстаўнік Святога Пасада, мансеньёр Джон Путцэр.

Марыя Валодзіна - Pope

Святы Пасад падзяляе глыбокую заклапочанасць Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях аб правах мігрантаў у сувязі з праблемамі, з якімі сутыкаюцца асобы, якія жывуць на нелегальным становішчы. “Нягледзячы на абавязацельствы і прагрэс, дасягнуты на міжнародным узроўні, мы па-ранейшаму з глыбокім смуткам назіраем неапраўданую гібель людзей на моры і ўздоўж іншых міграцыйных маршрутаў”, - адзначыў мансеньёр Джон Путцэр, часовы павераны Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях, прымаючы ўдзел у 53-й чарговай сесіі Рады па правах чалавека, якая прайшла ў Жэневе 26 чэрвеня 2023 года.

Адсутнасць бяспечных міграцыйных маршрутаў вымушае людзей адпраўляцца ў небяспечныя падарожжы, падчас якіх яны могуць стаць ахвярамі нядобрасумленных гандляроў людзьмі. На жаль, многія з мігрантаў не маюць іншага выбару, акрамя як працаваць і жыць на задворку грамадства да таго часу, пакуль яны не ўрэгулююць свой статус. Гэта прыводзіць да эксплуатацыі і падрыву іх асноўных правоў і свабод, - перасцярог ватыканскі дыпламат.

Мы не павінны забываць, што мігранты – гэта не проста лічбы і статыстыка, але і нашы браты і сёстры, частка адной чалавечай сям'і з аднолькавай, дадзенай Богам годнасцю. У сувязі з гэтым дзяржавы і мясцовыя супольнасці павінны быць гатовыя прымаць, абараняць, прасоўваць і інтэграваць кожнага чалавека без якіх-небудзь адрозненняў, - нагадаў мансеньёр Путцэр.

Паралельна неабходна ўмацоўваць на міжнародным узроўні Глабальную дамову па міграцыі, каб гарантаваць альтэрнатыўныя шляхі для рэгулярнай міграцыі і перасялення, паляпшэнне ўмоў адукацыі і працы ў краінах паходжання і ўлік матэрыяльных, а таксама духоўных патрэбаў і спадзяванняў мігрантаў з мэтай спрыяння ўсебаковаму развіццю кожнага чалавека, - гаворыцца ў заяве Святога Пасада.

27 чэрвеня 2023, 13:10