ҽ

Кардынал П'етра Паралін падчас сустрэчы ў членамі Папскага фонда Centesimus Annus Pro Pontifice Кардынал П'етра Паралін падчас сустрэчы ў членамі Папскага фонда Centesimus Annus Pro Pontifice  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дзяржсакратар: спрыяць сацыяльнаму сяброўству і культуры сустрэчы

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у ватыканскім форуме, прымеркаваным да 30-годдзя Папскага фонда Centesimus Annus Pro Pontifice. 5 чэрвеня 2023 года з прадстаўнікамі арганізацыі сустрэўся Францішак.

Аляксандр Панчанка – Pope

Бліжэйшы супрацоўнік Папы заўважыў, што ў сучасным свеце, пазначаным шматлікімі канфліктамі, існуе моцная спакуса схавацца ў “прыватнай сферы”, адвярнуўшыся ад крызісаў. Гэта рызыка тычыцца таксама палітычнай сферы, дзе пошук уласнай выгады можа пераважаць над агульным дабром, якое прадугледжвае клопат пра ўсіх. У гэтым кантэксце да большай згуртаванасці і інтэграцыі могуць прывесці два фактары, пра якія няспынна нагадвае Святы Айцец: сацыяльнае сяброўства і культура сустрэчы, - нагадаў іерарх.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што сучасныя глабальныя праблемы патрабуюць глабальных адказаў, але “каб працаваць разам дзеля дабра грамадства не дастаткова агульных заклікаў да міру, эканамічнага росту ці павагі навакольнага асяроддзя”. Патрэбныя канкрэтныя дзеянні ў святле сацыяльнага сяброўства і культуры сустрэчы – рысаў грамадства адкрытага і скіраванага ў будучыню, - дадаў ён.

“Сацыяльнае сяброўства інклюзіўнае па сваёй прыродзе” і дапамагае планаваць дзейнасць, не абмежаваную ўласнай супольнасцю ці ўласнай краінай. У сваю чаргу культура сустрэчы павінна падштурхоўваць не да “спарадычных дабрачынных жэстаў”, якія ствараюць ілюзію барацьбы з дыскрымінацыяй, але да “ладу жыцця”, здольнага па-сапраўднаму паважаць годнасць і свабоду кожнага чалавека.

Дзяржсакратар нагадаў, што энцыкліцы Centesimus Annus, абнародаванай у 1991 годзе, у тагачасным кантэксце святы Ян Павел ІІ надаваў “вялікую важнасць такім каштоўнасцям, як дэмакратыя і свабода”. Ён адзначыў, што сёння гэтымі словамі злоўжываюць да такой ступені, што яны ператварыліся ў бессэнсоўныя ярлыкі, якімі апраўдваюцца любыя дзеянні, на што звяртаў увагу Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti.

Аслабленне “комплексу каштоўнасцей”, якімі сёння павінны кіравацца тыя, хто прымае палітычныя і эканамічныя рашэнні, патрабуе “разважлівай праніклівасці дзеля абароны агульных інтарэсаў”. Гаворка ідзе пра адказнасць, якая скіроўвае рашэнні і рэсурсы на “поўную рэалізацыю ўсіх людзей, іх асабістае развіццё і развіццё іх памкненняў, на аснове іх годнасці і тоеснасці”, - сказаў кардынал П’етра Паралін.
 

06 чэрвеня 2023, 09:19