L’Osservatore Romano пра візіт арцыбіскупа Галахера ў Манголію
Аляксандр Панчанка – Pope
Падарожжа адбылося ў рамках 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Манголіяй. Па прыбыцці ва Улан-Батар арцыбіскуп Галахер узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым катэдральным касцёле. Ён падзякаваў місіянерам у Манголіі за сведчанне веры і шчодрую евангелізацыйную дзейнасць, заклікаючы працягваць “ззяць як маякі надзеі і прыклады дабрыні”. Спасылаючыся на малалікасць мясцовай каталіцкай супольнасці, іерарх нагадаў, што менавіта ў малых і на першы погляд нязначных рэчах спаўняюцца самыя вялікія Божыя справы.
5 чэрвеня прадстаўнік Папы правёў сустрэчы з Міністрам замежных спраў Манголіі Батмунхійнам Батцэцэгам і Прэм’ер-міністрам Лувсаннамсрайнам Аюун-Эрдэне, а на наступны дзень быў прыняты Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам.
У ходзе перамоў з палітычным кіраўніцтвам краіны згадваліся гістарычныя кантакты паміж Святым Пасадам і Манголіяй, якія сягаюць ХІІІ стагоддзя; гаворка ішла пра двухбаковыя адносіны і эканамічнае развіццё краіны; адзначаўся ўклад Касцёла ў развіццё мангольскага грамадства і абмяркоўваліся магчымасці паляпшэння ўмоў жыцця і служэння каталіцкіх місіянераў у краіне. Выказвалася радасць з запланаванага візіту Папы ў Манголію, які адбудзецца з 31 жніўня па 4 верасня 2023 года.
Арцыбіскуп Галахер наведаў Нацыянальны музей Чынгісхана ва Улан-Батары, дзе яму былі прадэманстраваны факсімільныя выданні перапіскі паміж мангольскімі ханамі і Папамі ў эпоху сярэднявечча.
Ватыканскі іерарх прыняў удзел у дыпламатычным прыёме, арганізаваным пасольствам Італіі ў Манголіі з нагоды Дня Рэспублікі, падкрэсліўшы важнасць спрыяння “культуры сустрэчы” і дыялогу для пераадолення бар’ераў і неразуменняў паміж краінамі дзеля міру, справядлівасці і годнасці для ўсяго чалавецтва.
7 чэрвеня арцыбіскуп наведаў Цэнтр імя Антуана Мостэра, названы ў гонар бельгійска-амерыканскага каталіцкага святара, місіянера і аднаго з найлепшым манголазнаўцаў у свеце. Іерарх адзначыў важнасць вывучэння моў і традыцый карэнных народаў для інкультурацыі Евангелля і ўзаемнага ўзбагачэння. Потым ён наведаў могілкі, дзе памаліўся за пахаваных там ксяндза Венсеслаа Падзілью, першага Апостальскага прэфекта Улан-Батара, і ксяндза Стэфана Кіма, карэйскага місіянера, які памёр за некалькі да яго візіту.
Падарожжа арцыбіскупа Галахера стала падрыхтоўкай да візіту Папы ў гэту краіну. Ватыканская дэлегацыя запэўніла ў далейшай падтрымцы мангольскага грамадства, асабліва ў сферы адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннасці, - паінфармавала L’Osservatore Romano.