ҽ

Цэнтр для пілігрымаў Цэнтр для пілігрымаў  (Vatican Media)

Юбілей 2025 года: кардынал Паралін благаславіў цэнтр для пілігрымаў

7 чэрвеня 2023 года ў Рыме прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця інфармацыйнага пункту для пілігрымаў, якія прыбудуць у Вечны горад з нагоды Юбілею 2025 года.

Структура была адкрыта ў адным з ватыканскіх палацаў на рымскай Вія Канчыліяцыёнэ – вялікім праспекце, якія вядзе ад Замку святога Анёла да плошчы святога Пятра. Інфапункт даволі лёгка заўважыць, дзякуючы вялікай рэпрадукцыі святых дзвярэй ватыканскай базіліцы, якая ўпрыгожвае ўваход у яго.

Памяшканні цэнтра благаславіў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаскаратар Яго Святасці Папы. Ён назваў падзею важным крокам наперад у падрыхтоўцы да Юбілею, якая вымагае вялікай арганізацыйнай працы. Іерарх пажадаў, каб вернікі, якія прыбудуць у Рым з нагоды Юбілею, маглі знайсці ў структуры падтрымку і дапамогу.

Падрыхтоўку да Юбілею 2025 года Францішак даручыў Дыкастэрыі па евангелізацыі. Про-прэфект гэтага ватыканскага ведамства, арцыбіскуп Рына Фізікела, заўважыў, што цэнтр для пілігрымаў дзейнічае ўжо з пачатку чэрвеня і вернікі ўжо звярталіся ў яго, каб атрымаць інфармацыю аб удзеле ў Юбілеі і магчымасці стаць валанцёрамі.

Кардынал П'етра Паралін і арцыбіскуп Рына Фізікела
Кардынал П'етра Паралін і арцыбіскуп Рына Фізікела

Іерарх нагадаў, што ў Юбілеі Міласэрнасці прынялі ўдзел каля 22 мільёнаў вернікаў. Цяпер чакаецца, што колькасць пілігрымаў будзе яшчэ большай. Адкрыццё інфапункта, па словах арцыбіскупа Фізікелы, сведчыць пра гатоўнасць Святога Пасаду іх прыняць. “Мы ведаем, што пілігрымы і турысты маюць патрэбу ў такім месцы, як гэта, і тут яны знойдуць каманду людзей, гатовых ім дапамагчы”, - дадаў ён.

Інфапункт ужо адкрыты з аўторка па нядзелю з 10.00 да 17.00. У ім можна атрымаць інфармацыю аб юбілейных падзеях, запісацца ў валанцёры, даведацца як лепш арганізаваць пілігрымку, а таксама будзе магчыма атрымаць пасведчанне аб ўдзеле ў Юбілеі.

08 чэрвеня 2023, 09:33