Арцыбіскуп Галахер: рэлігійныя каштоўнасці спрыяюць міру
Аляксандр Панчанка – Pope
Павага да жыцця і адмаўленне ад насілля, шчырасць у словах і дзеяннях, пазбяганне падману і маніпуляцый, сумленнасць і справядлівасць у адносінах, любоў да бліжняга – гэта каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць усе рэлігіі свету і могуць зрабіць іх важнымі ўдзельнікамі працэсу будавання міру, - зазначыў ватыканскі іерарх падчас сустрэчы, якая адбылася 15 чэрвеня 2023 года ў Палацы Монтэчыторыя ў Рыме, сядзібе Палаты дэпутатаў Італіі.
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі нагадаў, што ў малітве вернікі – да якіх адносіць сябе 85 працэнтаў насельніцтва планеты – бачаць прывілеяваны спосаб, каб выказаць сваё жаданне міру. Малітва, у сваю чаргу, з’яўляецца дыялогам, які неабходны для завяршэння войнаў і дасягнення міру.
Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што Касцёл выступае ў падтрымку адмаўлення ад насілля, а таксама нагадваў, што ў 1868 годзе Пій ІХ ратыфікаваў першую Жэнеўскую канвенцыю аб адносінах да ахвяр узброеных канфліктаў. З таго часу Святы Пасад не шкадаваў ніякіх намаганняў дзеля прасоўвання міру, які разумеецца не як адсутнасць вайны, навязаная сілай, але як чын справядлівасці, упісаны ў сённяшнюю рэальнасць. Фундаментам гэтага не можа не быць братэрства, бо кожны чалавек злучаны з іншым, - дадаў ватыканскі дыпламат.