ҽ

ілюстрацыйнае фота ілюстрацыйнае фота 

Пасланне на дзень турызму: гасціннасць у эпоху абыякавасці

Інвеставаць не толькі ў масавы турызм, але і ў павышэнне якасці працы работнікаў турыстычнага сектара, - такі заклік гучыць у пасланні на 44-ы Сусветны дзень турызму, які адзначаць 27 верасня 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Турызм і зялёныя інвестыцыі – пад такой назвай 26 мая 2023 года ў Ватыкане быў апублікаваны тэкст, падпісаны арцыбіскупам Рына Фізікелай, про-прэфектам Дыкастэрыі па евангелізацыі.

“Падтрымка ўстойлівых інвестыцый – гэта таксама сведчанне веры, якая ўмацоўваецца павагай да прыроды, створанай і даверанай нам Богам. Насамрэч, увага да стварэння і яго ахова належаць да біблейскага паслання”, - адзначаецца ў пасланні.

Тут гучыць заклік да гасціннасці, яшчэ адной хрысціянскай рысы. “Турыст асабліва адчувальны да таго, як яго прымаюць. Ён адразу ўспрымае знаёмы стыль тых, хто яго чакае, ён ведае, як гэта адрозніць ад часцяком абыякавага фармальнага прывітання тых, хто лічыць яго проста кліентам. У культурным кантэксце празмернай абыякавасці вельмі важна, каб хрысціяне давалі сведчанне гасціннасці, выклікалі прыхільнасць да сябе і дапамагалі адчуць братэрства”, - звярнуў увагу аўтар.

Арцыбіскуп Фізікела закрануў і тэму фінансавага складальніка турыстычнай індустрыі. Ён нагадаў аб тым, што хрысціянін павінен аддаваць прыярытэт “развіццю такой формы эканомікі, якая не ставіць сваёй мэтай максімізацыю прыбытку, а ў выніку часта прыводзіць да гвалту над прыродай і моцна адбіваецца на годнасці чалавека”.

“Падтрымку ўстойлівых інвестыцый нельга разглядаць як перашкоду; хутчэй, яны ўяўляюць сабой перспектыўнае бачанне, якое адкрывае магчымасці для доўгатэрміновых праектаў, не ўпадаючы ў блізарукасць імгненнай выгады”, - гаворыцца ў пасланні. Важна “мудра выбіраць найбольш прыдатныя праекты, накіраваныя на ўсеагульную карысць, якія павышаюць якасць жыцця, асабліва тых людзей, якія належаць да самых слабых сацыяльных груп”.

Прадстаўнік Святога Пасада перасцярог ад тэндэнцыі накіравання інвестыцый выключна на масавы турызм – гэта “можа прывесці да страты культурнай і рэлігійнай самабытнасці”. Наадварот, лічыць ён, “мэтазгодна, каб у той час як інвестыцыі сканцэнтраваны на інфраструктуры, аказвалася падтрымка годнасці ўсіх работнікаў турыстычнага сектара”, а гэта паспрыяе “павышэнню якасці іх працы і ўзроўню самога турызму”.

Хрысціянін павінен “быць прадстаўніком паслання, якое стварае турызм, паважлівы да чалавека і навакольнага асяроддзя, адкрывае шлях да спасціжэння дабрыні Айца, Які працягвае ўсім руку сваёй любові”, - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.

На яго думку, турыстычныя аператары “могуць прапанаваць чалавеку дзейсныя і эфектыўныя магчымасці адкрыць для сябе новы від адпачынку: больш спрыяльны і менш спажывецкі; больш паважлівы да прыроды і здольны да сузірання прыгажосці ў яе шматлікіх праявах”. Водпуск можа стаць сапраўднай магчымасцю “прыняць паводзіны і лад жыцця, якія дапамогуць кіраваць наш позірк Увышыню, зноўку адкрываючы дабрыню веры, сілу міласэрнасці і ўпэўненасць надзеі”.

У завяршэнне паслання гучыць заклік, звязаны з маючым адбыцца Юбілеем 2025 года: “давайце не будзем грэбаваць сузіраннем прыгажосці стварэння ў клопаце аб нашым агульным доме, давераным нам Богам”.
 

26 мая 2023, 16:08